Пошук

Супрацоўнікі Папы праспявалі калядныя спевы з усяго свету

Напярэдадні свята Божага Нараджэння супрацоўнікі Дзяржаўнага сакратарыята збіраюцца апоўдні ў ватыканскай залі Карла Вялікага для таго, каб памаліцца перад яслямі і праспяваць традыцыйныя калядныя песні на розных мовах.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У адвэнтавай навэне, якую ўзначальвае Субстытут Дзяржсакратара па агульных справах, арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара, прымаюць удзел кіраўнікі і супрацоўнікі розных моўных аддзелаў Дзяржсакратарыята.

Па словах іерарха, вяртанне да сумеснай малітвы пасля двух Адвэнтаў, адзначаных пандэміяй, дазваляе “падрыхтаваць сэрцы" да Божага Нараджэння. “Мы заўсёды імкнемся працаваць сумесна, як каманда, служыць Святому Айцу і біскупам, як таго патрабуе Апостальская Канстытуцыя Praedicate Evangelium, а ў такія ўрачыстыя моманты, як Адвэнт і Вялікі пост, мы стараемся маліцца разам, таму што малітва дае нам незвычайныя сілы для выканання місіі, якую ўсклаў на нас Пан", - падкрэсліў арцыбіскуп.

Падчас навэны папскія супрацоўнікі выконваюць калядныя спевы, сярод якіх класічная іспанская калядная песня Барабаншчык (El tamborilero), таксама вядомая ў Лацінскай Амерыцы. Яна распавядае выдуманую гісторыю беднага хлопчыка, які зарабляе на жыццё, граючы на барабане. Не маючы нічога, што можна было б падараваць Дзіцятку Езусу ў ноч Яго нараджэння, хлопчык вырашае падараваць Яму серэнаду, якую выконвае на сваім музычным інструменце. Песня наводзіць на разважанні пра значэнне сапраўдных духоўных дароў.

Сярод іншых калядных спеваў на сустрэчах прагучалі папулярныя ў іспанамоўных краінах песня Рыбы ў рэчцы (Los peces en el rio), Шчаслівага Божага Нараджэння (Feliz Navidad), а таксама спевы на італьянскай, нямецкай і польскай мовах.

23 снежня 2022, 10:56