Пошук

Кардынал Маўра П'ячэнца Кардынал Маўра П'ячэнца 

Кардынал спаведнікам: даваць упэўненасць у міласэрнасці Бога

У святочны перыяд спаведнікі пакліканы "асабліва шчодра ажыццяўляць служэнне прымірэння", усведамляючы, што "з яго дапамогай адбываецца тая новая сустрэча з Богам, асабістая і касцёльная, якой жадае сэрца кожнага чалавека", - лічыць Апостальскі Пэнітэнцыярый.

Марыя Валодзіна – Vatican News

З нагоды ўрачыстасці Божага Нараджэння, кардынал Маўра П'ячэнца скіраваў ліст да спаведнікоў папскіх базылік, у якім заклікаў іх павесіць на канфесіяналах расклад гадзін споведзі на святочны перыяд і трымаць уключаным святло. Каляднае святло, - напісаў Пэнітэнцыярый, - усё яшчэ валодае сілай, якая прымушае людзей “задумацца пра сэнс жыцця, пра таямнічы дар, якім з'яўляецца жыццё, пра рашэнне Бога прыйсці да нас у выглядзе бездапаможнага немаўля, здольнага перамагчы страх”.

Кардынал падкрэсліў, што спаведнікі закліканы заўсёды і зноў паказваць, што "Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу адпускаць грахі” (пар. Мк 2, 1-12), што Ён перадаў гэтую збаўчую ўладу Касцёлу, апосталам і наступнікам, каб людзі маглі пазнаць Божую міласэрнасць.

Падчас споведзі, адзначыў ватыканскі іерарх, святары не заўсёды сустракаюць братоў "з цалкам сталай верай”, “з крытычнымі адносінамі да свайго рэальнага маральнага стану”. Але добры лекар – "не той, хто ведае, як лячыць невялікія паталогіі амаль "здаровых хворых", але той, хто мае смеласць лячыць хворых са шматлікімі паталогіямі. Таксама і добры спаведнік закліканы супрацьстаяць шматлікім духоўным паталогіям нашага часу. Сакрамэнт прымірэння дазваляе спаведніку адначасова ажыццяўляць тры святарскія функцыі: навучаць праўдзе, адпускаць грахі і даваць маральныя і жыццёвыя парады.

Вядома, “кароткая гутарка падчас споведзі не дазваляе развеяць сумневы ці ліквідаваць прабелы ў адукацыі пэнітэнтаў", тым не менш, яна павінна быць “умела выкарыстана не для таго, каб падсілкоўваць сумневы або ўзмацняць неспакой і дэзарыентацыю пэнітэнта, але для таго, каб даць цвёрдую ўпэўненасць у міласэрнай прысутнасці Бога ў жыцці кожнага”.

Фактычна, спавядальнік павінен мець у сваім сэрцы выключна мэту “выратавальнай сустрэчы пэнітэнта са Збаўцам”, сустрэчы, якая стане той “іскрай”, якая, распальвае полымя веры і сагравае сэрца.

Нарэшце, кардынал П'ячэнца пажадаў спаведнікам добрай пастырскай працы, “святой стомленасці” і ўпэўненасці ў тым, што яны выканалі свой абавязак і падпарадкаваліся волі Бога, у якім сэрца чалавека знаходзіць сапраўдны супакой.

21 снежня 2022, 11:41