Пошук

Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас падчас пасвячэнні новага грэка-каталіцкага біскупа Максіма Рабухі Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас падчас пасвячэнні новага грэка-каталіцкага біскупа Максіма Рабухі 

Нунцый у Кіеве: наша каляднае пажаданне – свята без ракет

Апостальскі нунцый ва Украіне падзяліўся з Vatican News думкамі аб святкаванні Божага Нараджэння ў час вайны.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Самае вялікае святочнае пажаданне ўкраінцаў – правесці свята Божага Нараджэння ў бяспецы. Многім гэта здаецца немагчымым, бо бамбардзіроўкі не спыняюцца. Пра гэта ў інтэрв'ю Vatican News распавёў Апостальскі нунцый ва Украіне арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас. “Наша асноўнае пажаданне – гэта бяспечнае Божае Нараджэнне, Божае Нараджэнне без ракет, без выбухаў...” – сказаў ён.

Нунцый узгадаў кранальнае пасланне Францішка да ўкраінцаў, у якім ён пісаў, што ўкраінскі народ набліжаецца да свята падобна Езусу, народжанаму ў Бэтлееме сярод холаду і цемры. “Рэчаіснасць такая, што гадзінамі, а то і часам і днямі, без перабольшання мільёны, дзясяткі мільёнаў дамоў застаюцца без святла, без цяпла”. “Для мяне асабіста гэта глыбокі досвед, бо сярод цемры, сярод цяжкасцяў яшчэ мацней адчуваецца чароўнае святло”, Божае Нараджэнне “ззяе яшчэ больш”, - падзяліўся ён.

Адказваючы на пытанне аб тым, як будуць святкаваць у нунцыятуры, іерарх адзначыў, што на дадзены момант яны “маюць магчымасць падтрымліваць тэлефонную сувязь, але ўпэўненасці няма: у любы момант могуць перапыніцца камунікацыі, вада. Ацяпленне залежыць ад паставак газу, і калі перапыняецца праца кампрэсарных станцый, якія транспартуюць газ у горад, то такі вялікі горад як Кіеў застаецца без камунальных паслуг. Не вядома, якія абставіны складуцца заўтра, што будзе ў дзень Божага Нараджэння”.

Нунцый нагадаў, што на свята ў Кіеў збіраецца прыехаць кардынал Конрад Краеўскі, які "эфектыўна і хутка" даставіў ва Украіну вялікую колькасць электрагенератараў. Гэта вельмі каштоўная дапамога, бо “генератары ўжо немагчыма знайсці ні ў Польшчы, ні ў Венгрыі, ні нават у больш далёкіх краінах, таму што іх ужо прадалі або падарылі ўкраінцам.”

На пытанне аб тым, ці адчувае насельніцтва Украіны падтрымку Касцёла, а таксама ўсіх людзей добрай волі, арцыбіскуп адказаў так: “Сітуацыя настолькі цяжкая, што без дапамогі многіх людзей добрай волі з шматлікіх краін, - узгадаю толькі Польшчу, Германію, Італію, Іспанію, Венгрыю, Славакію, Чэхію, краіны Балтыі і іншыя, – без гэтай дапамогі мы б не змаглі фізічна дажыць да сённяшняга дня, не ўдалося б выжыць. Таму салідарнасць адчуваецца, і я бачыў, як шмат людзей пісалі, тэлефанавалі, у тым ліку, калі пачулі словы Святога Айца, які тыдзень таму заклікаў святкаваць Божае Нараджэнне з украінцамі ў сэрцы. Таму, як з боку Папы, так і Касцёлаў у розных краінах адчуваецца салідарнасць.”

Нунцый адзначыў, што меў магчымасць асабіста бачыць украінскіх падлеткаў, дзяцей, якія, нягледзячы на перажытае, захоўваюць надзею. Для іх свята Божага Нараджэння застаецца святам: яны малююць ялінку, хоць і з ракетай, якая ляціць побач. Іншымі словамі, ёсць вялікае імкненне “адчуць радасць Езуса, Сына Божага, які нарадзіўся для нас”.

Напрыканцы размовы арцыбіскуп Кульбокас звярнуўся да тых, хто рыхтуецца святкаваць Божае Нараджэнне, з заклікам маліцца за ўкраінскіх святароў, з якімі страчаны кантакты, невядома, “дзе яны знаходзяцца і ў якім стане”, а таксама за тых, хто пакутуе на лініі агню. “Мая вялікая просьба: мець вялікую веру, вялікі давер да Езуса, а нехрысціянам - мець вялікі давер да Бога і маліцца, маліцца, маліцца за мір”, - заклікаў Апостальскі нунцый ва Украіне.

24 снежня 2022, 12:20