Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Канталамеса: надзея – лепшы дар Касцёла свету

Цноце надзеі прысвяціў другое адвэнтавае казанне прапаведнік Папскага дома, кардынал Раньера Канталамеса. Папа і іерархі Рымскай курыі выслухалі яго раніцай 9 снежня 2022 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Капуцын нагадаў, што надзея на вечнае жыццё робіць прыгожым, ці прынамсі прымальным, таксама і жыццё ў сучаснасці. “Усе мы маем сваю долю крыжа ў гэтым жыцці, веруючыя і няверуючыя. Але адна справа цярпець, не ведаючы дзеля чаго, а іншая – цярпець, ведаючы, што “цярпенні цяперашняга часу нягодныя той славы, якая павінна выявіцца ў нас” (Рым 8, 18), - падкрэсліў ён.

Кардынал Канталамеса зазначыў, што тэалагічная надзея адыгрывае важную ролю ў евангелізацыі. “Адным з вызначальных фактараў хуткага распаўсюджвання веры ў першыя часы хрысціянства было хрысціянскае абвяшчэнне жыцця пасля смерці, якое было бясконца больш поўным і больш радасным, чым зямное”, - нагадаў законнік.

“Таксама сёння нам патрэбна адраджэнне надзеі, калі мы хочам распачаць новую евангелізацыю. Без надзеі нічога не робіцца. Людзі ідуць туды, дзе ёсць надзея, і ўцякаюць адтуль, дзе не адчуваюць яе прысутнасці. Надзея – гэта тое, што дае маладым людзям адвагу ствараць сям’ю або адказваць на манаскае і святарскае пакліканне, што ўтрымлівае іх ад наркотыкаў і іншых падобных адчайных рэчаў”, - дадаў ён.

Прапаведнік заўважыў, што на працягу мінулых стагоддзяў хрысціянская надзея падвяргалася шматлікім нападкам і крытыцы, у першую чаргу з боку марксізма, таму і самі хрысціяне сталі радзей казаць пра вечнае жыццё. Што тычыцца надзеі, сказаў кардынала Канталамеса, дык сёння “перад намі стаіць задача не абараняць яе ці апраўдваць з філасофскага і тэалагічнага пункту гледжання, але абвяшчаць яе, паказваць і дарыць свету, які страціў пачуццё надзеі і ўсё больш сыходзіць у песімізм і нігілізм, якія з’яўляюцца сапраўднай “чорнай дзіркай” сусвету”.

На думку прапаведніка, Касцёл не можа абмежавацца асуджэннем зла, якое існуе ў свеце і грамадстве. Безумоўна нельга пераставаць нагадваць людзям пра пекла і папярэджваць аб наступствах злых учынкаў, “аднак вопыт паказвае, што больш эфектыўна прапаведваць у пазітыўным ключы”, гаворачы пра добрыя магчымасці. “Магчыма, ніколі сучасны свет не быў такім прыхільным да Касцёла і не меў такой зацікаўленасці да яго паслання, як у гады Сабору. І галоўная прычына ў тым, што Сабор даў надзею”, - сцвердзіў ён.

“Касцёл не можа даць свету лепшага дару, чым надзея: не чалавечая, эфемерная, эканамічная ці палітычная надзея, над якой ён не мае асаблівай кампетэнцыі, але чыстая і простая надзею, тая, якая, нават не ведаючы, мае ў якасці гарызонта вечнасць, а ў якасці гарантыі – Езуса Хрыста і Яго ўваскрасенне”, - падкрэсліў італьянскі капуцын, дадаючы, што надзея дапамагае чалавеку на шляху да святасці.

“Божае Нараджэнне можа стаць нагодай для адраджэння надзеі. Вялікі сучасны паэт тэалагічных цнотаў Шарль Пегі пісаў, што Вера, Надзея і Любоў – гэта тры сястры – дзве дарослыя і адна маленькая. Яны ідуць па вуліцы, трымаючыся за рукі: двое старэйшых, Вера і Любоў, па баках, а малодшая, Надзея – у цэнтры. Усе, убачыўшы іх, думаюць, што гэта дзве старэйшыя цягнуць малую. Але яны памыляюцца! Гэта малодшая цягне ўсіх. Бо калі надзея знікае, усё спыняецца. Калі мы хочам даць гэтай маленькай дзяўчынцы належнае імя, мы можам назваць яе толькі Марыяй, той, якая тут, на зямлі, – кажа іншы вялікі паэт тэалагічных цнотаў, Дантэ Аліг’еры, – “сярод смяротных”, з’яўляецца “жывой крыніцай надзеі”, - завяршыў сваё казанне прапаведнік Папскага дома.

09 снежня 2022, 10:37