Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН нагадаў пра правы палестынскіх бежанцаў

Прадстаўнік Святога Пасада выказаўся ў падтрымку дзейнасці Блізкаўсходняга агенцтва БАПАР, накіраванай на сацыяльна-эканамічную дапамогу і медыцынскае абслугоўванне палесцінскіх уцекачоў. Асабліва важнай з’яўляецца дзейнасць па адукацыі дзецяй-бежанцаў.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Выступаючы 7 лістапада 2022 года на 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Ёрку, арцыбіскуп Габрыэле Кача згадаў пасланне Папы з нагоды Сусветнага дня міру, у якім гаворыцца, што адукацыя і выхаванне “з’яўляюцца асноўнымі вектарамі цэласнага чалавечага развіцця: яны робяць чалавека больш свабодным і адказным, яны неабходны для абароны і ўмацавання міру. Іншымі словамі, адукацыя і выхаванне з’яўляюцца асновай згуртаванай грамадзянскай супольнасці, здольнай нараджаць надзею, багацце і прагрэс”.

Улічваючы важную ролю Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім уцекачам і арганізацыі работ (БАПАР), дэлегацыя Святога Пасада выказала занепакоенасць у сувязі з яго вялікім бюджэтным дэфіцытам. Праблемы з фінансаваннем агенцтва тояць у сабе небяспеку росту маштабаў беднасці сярод палесцінскіх бежанцаў, што можа спрыяць адчаю і заахвоціць большую колькасць людзей выбраць шлях насілля.

У знак салідарнасці і блізкасці Францішка з народам Палесціны Святы Пасад аднавіў сваё штогадовае абяцанне падтрымліваць БАПАР у яго клопаце пра дзяцей, якія сутыкаюцца з канфліктам не па сваёй віне, і заклікаў дзяржавы разгледзець магчымасць падтрымаць агенцтва.

Дыпламат выказаў глыбокую занепакоенасць у сувязі з эскалацыяй канфлікту ў Палесціне і Ізраілі, а таксама спадзяванне на раскрыццё праўды пра смерць каталіцкай журналісткі Шырын Абу Аклех.

Поўнае і трывалае ўрэгуляванне палесцінскага пытання павінна ўключаць справядлівае рашэнне ў дачыненні да Іерусаліма. Яно павінна цалкам улічваць правы ўсіх жыхароў і гарантаваць усім вернікам - юдэям, хрысціянам і мусульманам - вольны доступ да святынь. Толькі пры захаванні правоў і свабод можа быць дасягнуты трывалы мір. У сувязі з гэтым Святы Пасад пацвердзіў сваю пазіцыю, якая заклікае да надання Іерусаліму асаблівага статусу, гарантаванага на міжнародным узроўні.

Напрыканцы прамовы арцыбіскуп Кача паўтарыў заклік Францішка, які падчас міжрэлігійнай малітвы ў Калізеі заклікаў не скарацца перад абліччам вайны і працягваць сеяць зерні прымірэння.

10 лістапада 2022, 10:45