Пошук

Кардынал Луіс Антоніа Тагле Кардынал Луіс Антоніа Тагле 

Кардынал Тагле пра дэкрэт Папы для Caritas Internationalis

Ватыканскі іерарх, які да гэтага часу ўзначальваў Caritas, назваў дэкрэт Папы “вынікам стараннага і незалежнага даследавання”.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Дэкрэт Францішка для Caritas Internationalis з’яўляецца “вынікам стараннага і незалежнага даследавання”, якое не тычыцца выпадкаў сэксуальных дамаганняў і гвалту або нядбайнага абыходжання з грашыма, але павінна стаць “заклікам пакорліва ісці з Богам”, а таксама стаць “працэсам распазвання”, - адзначыў кардынал Луіс Антоніа Тагле, прачытаўшы тэкст дэкрэта на пленарным пасяджэнні Caritas Internationalis, якое праходзіць 21-22 лістапада 2022 года ў Рыме. Да яго далучыўся кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Слухачы прывіталі апладысментамі новага камісара П’ера Франчэска Пінэлі і Марыю Ампара Алонса Эскабар, якая будзе дапамагаць яму на гэтай пасадзе.

“У нас ёсць новы часовы кіраўнік”, - сказаў кардынал Тагле, прызнаўшы што гэтая навіна можа выклікаць у некаторых неспакой або замяшанне. Ён запэўніў слухачоў у тым, што “рашэнне Святога Айца было прынята пасля ўважлівага і незалежнага вывучэння рабочага асяроддзя Сакратарыята і кіравання, якое ажыццяўляецца службовымі асобамі і органамі”.

Падчас пасяджэння гаворка таксама ішла пра наступную Генеральную Асамблею Caritas Internationalis, якая, як падкрэсліў іерарх, “наступіць у крытычны момант”. Як гэта адбылося з асамблеяй 2019 года, калі “ніхто не чакаў, што наступіць пандэмія каронавіруса”, як ніхто праз два гады “не ведаў, што выбухне вайна ва Украіне і што многія іншыя канфлікты, якія цягнуцца гадамі, будуць забытыя”. Праца будзе працягвацца. “Гэта не спыніць дзейнасць сакратарыята”, - сказаў на заканчэнне кардынал Тагле.

Кардынал Чэрны, са свайго боку, падкрэсліў, што “рашэнне Святога Айца накіравана на паляпшэнне кіравання і павышэнне эфектыўнасці кіраўніцкіх працэсаў Caritas Internationalis. Недастатковая ўвага была нададзена клопату аб людзях”. На яго думку, неабходна, каб “Caritas Internationalis была лепш падрыхтавана да вырашэння праблем, якія сучасны свет ставіць перад Касцёлам і ўсімі намі, таму што Caritas адыгрывае фундаментальную ролю ў Касцёле”. Таму яго кіраўніцтва павінна адпавядаць яго місіі: распаўсюджванню ў свеце міласэрнасці, справядлівасці і дабрачыннасці ў святле Евангелля і вучэння Касцёла.

Надзвычайны камісар Пінелі падзякаваў Папу "за давер" і растлумачыў, што яго намер у новай ролі заключаецца ў тым, каб “разам з усімі супрацоўнікамі Caritas Internationalis ініцыяваць працэсы прымірэння і паляпшэння, якія ў доўгатэрміновай перспектыве могуць прынесці плён гэтай 70-гадовай арганізацыі”. Першай яго мэтай будзе праца з Сакратарыятам і ўсімі, хто актыўна ўдзельнічае ў жыцці Карытас, “каб стварыць атмасферу даверу і супрацоўніцтва”.

23 лістапада 2022, 11:23