Пошук

Арцыбіскуп Галахер падчас візіту ва Украіну. 20.05.2022 Арцыбіскуп Галахер падчас візіту ва Украіну. 20.05.2022 

Арцыбіскуп Галахер: Святы Пасад і Папа гатовыя да пасрэдніцтва

Святы Пасад і сам Папа заўсёды былі адкрытыя да пасрэдніцтва паміж Расіяй і Украінай, але пакуль не было канкрэтнага запыту, - адзначыў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер у інтэрв’ю Il Giornale.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі дадаў, што няма неспрыяльнага для міру часу, “паколькі гэта самае глыбокае жаданне людзей, і асабліва гэтых двух народаў, якія знаходзяцца ў стане вайны”. Аднак “дыялог і перамовы патрабуюць вялікай мужнасці”.

“Калі існуе такая патрэба і неабходнасць прапанаваць тэрыторыю Ватыкана, як гэта рабілася ў мінулым, лічу, што Святы Айцец вітаў бы такую ідэю, калі б з просьбай звярнуліся абодва бакі, і яна суправаджалася б добрымі намерамі, духам пошуку міру і дыялогу, а таксама воляй пакласці канец гэтай жудаснай вайне”, - заўважыў дыпламат.

Як прызнаўся Галахер, Святы Пасад удзельнічаў у працэсе абмену палоннымі. Гэта адбывалася дзякуючы даверу абодвух бакоў канфлікту. “Святы Айцец таксама накіраваў кардыналаў Краеўскага і Чэрны, каб прадэманстраваць сваю адкрытасць у гуманітарных пытаннях”, - дадаў арцыбіскуп.

Ён адзначыў, што “нармальныя дыпламатычныя адносіны з Расіяй падтрымліваюцца праз нунцыя ў Маскве і пасла Расіі пры Апостальскай Сталіцы”. Гэтыя каналы дыпламатычнай сувязі дапамаглі падчас абмену палоннымі.

На пытанне, чаму палітыкі не прыслухоўваюцца да Пантыфіка, арцыбіскуп Галахер адказаў: “Веру, што яны слухаюць Папу, але не рэагуюць і не прымаюць яго паслання да канца. На карту пастаўлена столькі інтарэсаў, пазіцый і столькі бескампраміснасці”. Між тым, калі прымаць словы Папы сур’ёзна і блізка да сэрца, трэба нешта рабіць, - адзначыў іерарх.

Ён паўтарыў заклік Святога Пасада да бакоў канфлікту “шукаць і мець дальнабачны падыход, прыслухоўвацца да крыку народаў і пакут усіх, знаходзіць у сабе мужнасць выкарыстоўваць магчымасці, якія, несумненна, з’явяцца ў бліжэйшыя тыдні і месяцы, каб вярнуцца да дыялогу, да перамоў і пакласці канец гэтай вайне”.
 

29 лістапада 2022, 10:41