Пошук

Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін на канферэнцыі па клімату COP27 ў Шарм-эль-Шэйху Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін на канферэнцыі па клімату COP27 ў Шарм-эль-Шэйху 

Дзяржсакратар на COP27: змена клімату не будзе чакаць

Нельга дапусціць, каб глабальныя падзеі падарвалі намаганні па барацьбе са зменай клімату. Настаў час міжнароднай салідарнасці і салідарнасці паміж пакаленнямі, – заявіў 8 лістапада 2022 года Дзяржаўны сакратар Яго Святасці на канферэнцыі па клімаце ў Шарм-эль-Шэйху.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Ад імя Папы кардынал П'етра Паралін сардэчна прывітаў удзельнікаў форума і запэўніў у яго блізкасці і падтрымцы. Ён нагадаў, што Святы Пасад упершыню ўдзельнічае ў саміце ў якасці дзяржавы, якая падпісала Рамачную канвенцыю ААН аб зменах клімату і Парыжскае пагадненне ў гэтай галіне, узяўшы на сябе абавязацельства па дасягненні нулявога ўзроўню выкідаў да 2050 года.

Апрача таго, Святы Пасад садзейнічае адукацыі ў галіне інтэгральнай экалогіі, бо адных толькі палітычных і тэхнічных мер не хопіць, яны павінны спалучацца з адукацыйным падыходам, які прасоўвае новы лад жыцця, адначасова спрыяючы абноўленай мадэлі развіцця і ўстойлівасці, заснаванай на клопаце, братэрстве і супрацоўніцтве ўсяго чалавецтва, а таксама на ўмацаванні “дамовы паміж людзьмі і навакольным асяроддзем”.

Сацыяльна-экалагічны крызіс, з якім мы сутыкнуліся, з'яўляецца спрыяльным момантам для індывідуальнага і калектыўнага пераўтварэння і для прыняцця канкрэтных рашэнняў, якія больш нельга адкладаць. Чалавечае аблічча кліматычнага крызісу кідае нам сур'ёзны выклік. “Наш маральны абавязак – дзейнічаць канкрэтна, каб прадухіляць усё больш частыя і сур'ёзныя гуманітарныя наступствы, выкліканыя зменай клімату, і рэагаваць на іх”. Трывожнай прыкметай з'яўляецца рост міграцыі, – адзначыў Дзяржсакратар.

Неабходна прызнаць, што глабальныя падзеі, такія як пандэмія і рост колькасці канфліктаў па ўсім свеце, з іх сур'ёзнымі этычнымі, сацыяльнымі і эканамічнымі наступствамі, рызыкуюць падарваць глабальную бяспеку, пагоршыць харчовую бяспеку, паставіць пад пагрозу шматбаковае супрацоўніцтва і намаганні па барацьбе са зменай клімату, якія прыкладаюцца ў Шарм-эль-Шэйху.

“Мы не можам дапусціць, каб гэта адбылося. Змена клімату не будзе чакаць нас. Свет стаў занадта ўзаемазалежны і не можа дазволіць сабе быць структураваным у нестабільныя ізаляваныя блокі краін”. Мы павінны быць адказнымі, смелымі і дальнабачнымі не толькі дзеля сябе, але і дзеля нашых дзяцей, – падкрэсліў кардынал Паралін.

Іерарх нагадаў мінулагодняе пасланне Папы да ўдзельнікаў канферэнцыі COP-26 у Глазга, у якім гаворыцца, што “раны, нанесеныя нашай чалавечай сям'і пандэміяй каронавіруса і змены клімату, супастаўныя з ранамі, атрыманымі ў выніку глабальнага канфлікту”. Зараз гэта пасланне набывае яшчэ большае значэнне. “Наша палітычная воля павінна грунтавацца на ўсведамленні таго, што альбо мы пераможам разам, альбо разам прайграем,” – зазначыў ён.

“Мы павінны прызнаць, што шлях да дасягнення мэт Парыжскага пагаднення складаны і што ў нас застаецца ўсё менш і менш часу для карэкціроўкі курсу. Канферэнцыя бакоў - 27 дае нам яшчэ адну магчымасць, якую нельга змарнаваць. Гэта магчымасць сур'ёзна заняцца чатырма слупамі Парыжскага пагаднення: змякчэннем наступстваў, адаптацыяй, фінансаваннем і стратамі. Гэтыя чатыры стаўпы ўзаемазвязаны і з'яўляюцца пытаннем справядлівасці і роўнасці. Мы таксама не павінны забываць пра неэканамічныя страты, такія як страты спадчыны і культуры. Тут нам ёсць чаму павучыцца ў карэнных народаў,” – лічыць П'етра Паралін.

Далучыўшыся да Рамачнай канвенцыі і Парыжскага пагаднення, Святы Пасад яшчэ больш імкнецца “рухацца наперад у гэтым сумесным падарожжы дзеля агульнага дабра чалавецтва і асабліва дзеля моладзі, якая спадзяецца, што мы паклапоцімся аб цяперашнім і будучых пакаленнях,” – завяршыў сваю прамову Дзяржсакратар.

09 лістапада 2022, 11:14