Пошук

Кардынал Джанфранка Равазі. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Джанфранка Равазі. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Равазі: апатыя сучаснай культуры – выклік для Касцёла

Трэба ўсведамляць уплыў хрысціянства на мастацтва, навуку і філасофію і не баяцца выходзіць насустрач людзям з нашым пасланнем, - перакананы кардынал Джанфранка Равазі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Ватыканскі іерарх, якія нядаўна адзначыў 80-гадовы юбілей, на працягу апошніх пятнаццаці гадоў займаў пасаду старшыні Папскай радай па культуры, прыкладаючы вялікія намаганні для прасоўвання разумення і дыялогу паміж Касцёлам і сучасным светам.

“Мая дзейнасць у гэты час была асабліва звязана з дзвюма тэмамі. Перш за ўсё гэта быў дыялог. Маёй мэтай было тое, каб праўда, прыгажосць, дабро, гэта значыць этыка, якія вынікаюць з хрысціянскага паслання, вялі дыялог са зменлівым сучасным светам, з яго пытаннямі, праблемамі, а часам і з яго няшчасцямі, а ў некаторых выпадках і з яго атэізмам”, - сказаў кардынал Равазі ў інтэрв’ю Vatican News.

Другая важная сфера, якой іерарх прысвяціў шмат часу, звязана з антрапалогіяй, гэта значыць з пошукам вобраза чалавечай асобы, з улікам таго, што ў наш час, на жаль, ужо не існуе канцэпцыі чалавечай прыроды, якую падзяляюць усе, як гэта было ў мінулым.

“Гаворка ідзе не толькі пра праблемы, звязаныя з сексуальнасцю, але пра тэмы, звязаныя з метафізікай, гэта значыць з разуменнем самой глыбіні чалавечага быцця. Спосабы яго прачытання вельмі розныя, таму вельмі важна вызначыць самую глыбокую сутнасць мужчынскай і жаночай душы. Нам неабходна знайсці глыбіню сэнсу чалавечага жыцця ў цяжкі час, калі мы жывем на мяжы “буліміі”, звязанай з велізарнай колькасцю тэхнічных сродкаў, і “анарэксіі” з пункту гледжання мэтаў і сэнсаў”, - падкрэсліў кардынал Равазі.

Былы старшыня Папскай рады па культуры падкрэсліў неабходнасць рэалістычнага погляду на свет, закрануты секулярызацыяй. Ён адзначыў, што з’явіліся плыні, альтэрнатыўныя хрысціянству, якія спрабуюць яго асэнсаваць. “Мы павінны ўсведамляць сваю праўду і бачанне, таму што на працягу многіх гадоў яны былі кропкай адліку для ўсёй культуры: мастацтва, навукі і філасофіі. З хрысціянскім натхненнем ствараліся цудоўныя творы. Мы не павінны мець ніякага пачуцця непаўнавартаснасці, а выходзіць насустрач людзям з нашым пасланнем”, - дадаў ён.

Кардынал Равазі лічыць, што галоўнай праблемай сёння не з’яўляецца моцнае адмаўленне і непрыняцце хрысціянскага паслання, як гэта было ў эпоху пераследу, хоць ён яшчэ і прысутнічае ў некаторых месцах. “Цяпер жа дамінуе павярхоўнасць, вадкасць, абыякавасць і шэрасць. Таму што не робіцца адрозненне паміж каштоўнасцямі. І гэта праблема. Сёння няма вялікіх прадстаўнікоў атэізму, якімі былі ў мінулым Сартр ці Ніцшэ. Цяпер існуе тое, што я называю “апатэізмам”, гэта значыць апатыя, абыякавасць. Таму праца з’яўляецца настолькі цяжкай і мы павінны знайсці правільную мову для нашай камунікацыі”, - адзначыў іерарх.
 

20 кастрычніка 2022, 11:53