Пошук

Cвяточная ёлка ў Ватыкане Cвяточная ёлка ў Ватыкане 

Божае нараджэнне ў Ватыкане: ёлка з Абруца і яслі з Фрыулі

Вялікая святочная ёлка, якая сёлета ўпрыгожыць плошчу святога Пятра, прыбудзе з горнай мясцовасці ў італьянскім Абруца, а яслі Божага нараджэння – з правінцыі Удына, што ў рэгіёне Фрыулі-Венецыя-Джулія.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Як паведаміў 29 кастрычніка 2022 года Губернатарат Дзяржавы Ватыкан, вышыня каляднага дрэва складзе каля 30 метраў. Гаворка ідзе пра Белую піхту, якая расце ў невялікай горнай вёсцы Разэла з насельніцтвам у 182 чалавекі. Ёлачныя ўпрыгожванні былі зроблены моладдзю з мясцовага рэабілітацыйна-псіхіятрычнага комплексу Чатырохлістнік ("La Quadrifoglio").

Яслі Божага нараджэння будуць цалкам драўлянымі з фігурамі ў натуральную велічыню. Акрамя скульптур Святой Сям'і, анёла, трох каралёў, быка і асла, будуць выстаўлены і іншыя персанажы: цясляр, ткачыха, вандруючы гандляр, пастух з авечкамі. Перад пячорай будзе стаяць скульптурная кампазіцыя сям'і, якая складаецца з трох фігур - мужчыны, жанчыны і дзіцяці. Сімвалічная фігура чалавека, які дапамагае іншаму падняцца, нагадае аб салідарнасці.

Ватыканская Зала Паўла VI будзе таксама ўпрыгожана яслямі, якія ў гэтым годзе падорыць урад Гватэмалы. Выява Божага Нараджэння будзе складаецца з драўляных фігур Святой Сям'і і трох анёлаў. Усе яны зроблены майстрамі ўручную ў адпаведнасці з гватэмальскай традыцыяй, з выкарыстоўваннем шырокіх каляровых тканін, у якіх пераважае залаты колер.

Паведамляецца, што цырымонія інаўгурацыі святочнай кампазіцыі на плошчы святога Пятра адбудзецца вечарам 3 снежня 2022 года. Перад гэтым Францішак прыме на аўдыенцыі прадстаўнікоў Разэла, Сутрыа і Гватэмалы.

Святочная кампазіцыя застанецца на ватыканскай плошчы да заканчэння літургічнага перыяду Божага Нараджэння, які супадае са святам Хросту Пана, што будзе адзначацца 8 студзеня 2023 года.

29 кастрычніка 2022, 12:20