Пошук

Арцыбіскуп Фізікела на Сусветным кангрэсе па пастырству ў сферы турызму ў Санцьяга-дэ-Кампастэла Арцыбіскуп Фізікела на Сусветным кангрэсе па пастырству ў сферы турызму ў Санцьяга-дэ-Кампастэла 

Арцыбіскуп Фізікела: турызм дае прастору для евангелізацыі

Ватыканскі іерарх, якому Францішак даручыў падрыхтоўку да Святога 2025 года, прыняў удзел у восьмым Сусветным кангрэсе душпастырства ў сферы турызму, што праходзіць у Санцьяга-дэ-Кампастэла.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Форум сабраў сусветных экспертаў у галіне душпастырства турызму, прадстаўнікоў біскупскіх канферэнцый з 25 краін свету, ад Мексікі да Аргенціны, ад Аўстрыі да Італіі. 

З гэтай нагоды арцыбіскуп Рына Фізікела ў інтэрв’ю Vatican News паразважаў пра суадносіны евангелізацыі з культурнымі падарожжамі і турызмам. Сёння для Касцёла гэта непазбежны прыярытэт, - адзначыў ён.

Іерарх нагадаў пра рашэнне Папы перадаць душпастырства ў сферы турызму ў кампетэнцыю Дыкастэрыі па евангелізацыі. На яго думку, гэта важна, таму што такім чынам ствараецца адмысловая евангелізацыйная прастора. У кантэксце Касцёла турызм звязаны з евангелізацыяй і робіцца адным з яе асноўных сродкаў, - падкрэсліў арцыбіскуп Фізікела.

На яго думку, сфера моцна змянілася. Сёння мы знаходзімся ва ўмовах культурных змен, мы прывыклі мець справу з пілігрымкамі і арганізаваным турызмам, зараз жа, наадварот, прынамсі палова падарожжаў – гэта арганізаваныя самастойна маршруты. Сем'і і асобныя людзі выпраўляюцца ў падарожжы “ў апошнюю хвіліну”. На думку іерарха, гэта па-новаму ставіць пытанне прыёму турыстаў і пераказу ім прыгажосці, культуры і гісторыі.

Адказваючы на пытанне пра падрыхтоўку да Юбілею 2025 года, іерарх адзначыў, што Дыкастэрыя па евангелізацыі ўжо робіць шмат захадаў. Утвораны камісіі, праекты перададзены на разгляд у італьянскі ўрад і муніцыпалітэт Рыма. 11 кастрычніка 2022 года – у дзень шасцідзясятай гадавіны адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора – афіцыйна распачнецца першы этап падрыхтоўкі да Святога года. На 2024-ы запланаваны Год малітвы. Будзе створана інтэрнэт-старонка і мабільны дадатак для пілігрымаў. Хутка з'явіцца каляндар буйных падзей Святога 2025 года.

08 кастрычніка 2022, 11:35