Пошук

Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Паралін: вайна не бывае непазбежнай

У цэнтры візіту Святога Айца ў Казахстан будзе пасланне міру, - заўважыў кардынал П’етра Паралін у інтэрв’ю напярэдадні папскага візіту з нагоды З’езда лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Адказваючы на пытанне Vatican News пра тое, ці сапраўды вайна – гэта непазбежны шлях, Дзяржсакратар падкрэсліў, што “вайна ніколі бывае непазбежнай”. “Яна сягае каранямі ў сэрца чалавека, які кіруецца марнасцю, пыхай, высакамер’ем і сквапнасцю, як казалі Айцы Касцёла. Гэта сэрца зацвярдзелае, няздольнае адкрыцца іншым. Вайны можна пазбегнуць, зрабіўшы крок назад, адклаўшы ў бок абвінавачванні, пагрозы, прычыны ўзаемнага недаверу. На жаль, у нашы часы на ўсіх узроўнях паменшылася здольнасць слухаць адзін аднаго і імкнуцца зразумець аргументы тых, хто думае не так, як мы. Таму спадзяюся З’езд у Казахстане стане нагодай для сустрэчы і дыялогу”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Кардынал Паралін назваў “рэгулярнымі і плённымі” дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і Казахстанам, а таксама нагадаў, што Апостальская Сталіца ўдзельнічала ва ўсіх папярэдніх сустрэчах рэлігійных лідараў, якія праходзілі ў гэтай краіне.

Іерарх заўважыў, што Казахстан – гэта першая краіна Цэнтральнай Азіі, якая падпісала двухбаковае пагадненне за Святым Пасадам, і першая краіна рэгіёна, якую наведаў Папа – Ян Павел ІІ у 2001 годзе. Нядаўна былі заключаны дамовы аб супрацоўніцтве паміж Універсітэцкім медыцынскім цэнтрам Казахстана і ватыканскай педыятрычнай бальніцай Bambino Gesù, а таксама паміж Інстытутам усходазнаўства імя Сулейманава і Ватыканскай апостальскай бібліятэкай. Ідуць перамовы аб падпісанні пагаднення адносна выдачы віз і відаў на жыхарства для каталіцкіх місіянераў, якія служаць у Казахстане, - дадаў ён.

Дзяржсакратар распавёў, што падчас Апостальскага падарожжа Францішак сустрэнецца з мясцовай каталіцкай супольнасцю, якая з’яўляецца “нешматлікай, але значнай”.
 

12 верасня 2022, 13:46