Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак абраў тэму Сусветнага дня масавай камунікацыі

Прамаўляць сэрцам: Veritatem facientes in caritate (Будучы шчырымі ў любові) (Эф 4,15) – тэма 57-га Сусветнага дня масавай камунікацыі, які будзе адзначацца ў 2023 годзе. Яе агучылі 29 верасня 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Тэма, абраная Святым Айцом, упісваецца ў кантэкст Сінода Біскупаў, заключная частка якога пройдзе ў кастрычніку 2023 года ў Ватыкане. “Прамаўляць сэрцам значыць “даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад нас слова пра нашу надзею”, прамаўляць з пакорай, карыстаючыся дарам камунікацыі як мастом, а не мурам. У час, пазначаны – таксама ў касцёльным жыцці – палярызацыяй і бязлітаснымі дэбатамі, якія азлабляюць душы, мы пакліканы ісці супраць плыні”, - гаворыцца ў ватыканскім прэс-рэлізе.

“Мы не павінны баяцца сцвярджаць праўду, часам нязручную, якая грунтуецца на Евангеллі, але мы не павінны аддзяляць гэта абвяшчэнне ад міласэрнага стылю, шчырага ўдзелу ў радасцях і пакутах чалавека нашага часу, як нас узнёсла вучыць евангельскі ўрывак, што распавядае пра дыялог паміж таямнічым Падарожнікам і вучнямі з Эмаўс”, - адзначаецца ў паведамленні.

Падкрэсліваецца, што сёння, у драматычным кантэксце глабальнага канфлікту, які мы перажываем, як ніколі неабходна ўмацоўвацца ў “не варожай камунікацыі”: у камунікацыі, адкрытай на дыялог з іншым, якая спрыяе “цэласнаму раззбраенню”, якая дапамагае пазбаўленню ад “ваяўнічага псіхозу”, што хаваецца ў нашых сэрцах, як казаў святы Ян ХХІІІ 60 гадоў таму ў энцыкліцы Pacem in terris. “Гэта намаганні, якія патрабуюцца ад усіх, але асабліва ад работнікаў сферы камунікацыі, пакліканых выконваць свае прафесійныя абавязкі як місію будавання больш справядлівай, больш братэрскай, больш чалавечнай будучыні”, - гаворыцца ў паведамленні, абнародаваным Залай Друку Апостальскай Сталіцы.
 

29 верасня 2022, 12:23