Пошук

Францішак з ліванскімі іерархамі падчас Малітвы ў  інтэнцыі міру і стабільнасці ў Ліване. 01.07.2021 Францішак з ліванскімі іерархамі падчас Малітвы ў інтэнцыі міру і стабільнасці ў Ліване. 01.07.2021 

Апостальскі нунцый: Папа ўсцяж плануе наведаць Ліван

Былы Апостальскі нунцый у Ліване, арцыбіскуп Джозэф Спітэры запэўніў, што Папа ўсцяж плануе наведаць краіну. Дата паездкі будзе абвешчана, калі Святы Пасад палічаць яе “карыснай для Лівана”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пра гэта іерарх з Мальты, нядаўна прызначаны нунцыем у Мексіцы, казаў падчас свайго развітальнага візіту ў сядзібу Мараніцкай лігі.

Францішак павінен быў наведаць Ліван 12-13 чэрвеня 2022 года. Дата была абвешчана прэзідэнтам краіны перад тым, як Святы Пасад афіцыйна абвясціў аб пілігрымцы Пантыфіка, як таго патрабуе дыпламатычны пратакол. Аднак у пачатку мая ўладам у Бейруце было даведзена, што візіт адкладаецца, паколькі ў Папы праблемы з каленам. Новая дата паездкі пакуль не ўстаноўлена.

Францішак неаднаразова заяўляў аб жаданні паехаць у Ліван. Праз год пасля выбуху ў бейруцкім порце, 4 жніўня 2021 года, падчас агульнай аўдыенцыі ён звярнуўся да народа краіны і ў прыватнасці да ахвяр, іх сем’яў і тых, хто страціў дамы і працу. Таксама 1 ліпеня 2021 годзе Папа арганізаваў у Ватыкане Дзень малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі міру і стабільнасці ў Ліване. У ім узялі ўдзел прадстаяцелі хрысціянскіх супольнасцей у блізкаўсходняй краіне.

З 31 студзеня па 4 лютага 2022 года ў Ліване з афіцыйным візітам знаходзіўся Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі. Пасля сваёй паездкі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер заявіў, што ў краіне не хапае “згоды адносна вырашэння праблем”, паколькі кожны глядзіць на сітуацыю з уласнай перспектывы. Іерарх запэўніў, што Апостальская Сталіца гатова садзейнічаць нацыянальнаму дыялогу ў Ліване, пры ўмове, што аб гэтым папросяць усе бакі.

Трэба нагадаць, што Ліван наведвалі папярэднікі Францішка: Ян Павел ІІ знаходзіўся тут у 1997 годзе, а Бэнэдыкт XVI – у 2012 годзе; сімвалічна, што гэта быў апошні апостальскі візіт яго пантыфікату.
 

12 жніўня 2022, 10:46