Пошук

"Экалагічная" ілюмінацыя базылікі святога Пятра "Экалагічная" ілюмінацыя базылікі святога Пятра 

Да 2025 года сабор святога Пятра з нулявым узроўнем выкідаў

Да 2025 года комплекс базылікі святога Пятра павінен стаць месцам з нулявым узроўнем выкідаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Праект “экалагічнай устойлівасці” для гэтага самага вялікага храма Каталіцкага Касцёла будзе падрыхтаваны навуковым камітэтам пад старшынствам Вальтэра Ганапіні, былога кіраўніка італьянскага аддзялення Greenpeace і ганаровага члена навуковага камітэта Еўрапейскага агенцтва па навакольным асяроддзі.

Ганапіні будзе выконваць свае грамадскія функцыі на працягу двух гадоў. Раней, у 2017 годзе, ён рыхтаваў такі праект для кляштару святога Францішка Асізскага. Перад Святым 2025 годам камітэт пад яго кіраўніцтвам падрыхтуе меры, каб базыліка і прылеглыя да яе будынкі, а таксама мільённы паток наведвальнікаў ніякім чынам не забруджвалі навакольнае асяроддзе.

Гэта не першая ініцыятыва ў рамках праграмы “экалагічнай устойлівасці”, якая ажыццяўляецца ў межах Ватыкана. Дзяржава імкнецца скараціць выкіды вуглякіслага газу да нуля да 2050 года, актывізуючы намаганні па ахове навакольнага асяроддзя, якія ўжо робяцца на працягу некалькіх гадоў. Гаворка ідзе, напрыклад, пра рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, энергаэфектыўнасць, эканоміку завершанага цыкла.

На многіх ватыканскіх будынках былі ўсталяваны сонечныя панэлі. Атрыманая энергія ідзе на асвятленне і кандыцыяніраванне паветра. У многіх памяшканнях змешчаны датчыкі, якія аўтаматычна рэгулююць інтэнсіўнасць асвятлення ў залежнасці ад узроўню сонечнага свету, а таксама выключаюць святло пасля завяршэння працоўнага дня. Тэхналагічна састарэлае абсталяванне замяняецца на больш сучаснае і экалагічнае.

Напрыклад, новая сістэма асвятлення ў Сікстынскай капэле дазволіла зменшыць колькасць выкарыстанай электраэнергіі на 60%, а ў ватыканскай базыліцы і на каланадзе плошчы святога Пятра – на 70-80%.

У Ватыканскіх садах была ўсталявана новая арашальная сістэма, якая дазваляе ашчадна выкарыстоўваць водныя рэсурсы. Вада эканоміцца таксама ў сталоўцы для ватыканскіх супрацоўнікаў, дзе кожны сам бярэ яе столькі, колькі яму трэба, каб пазбегнуць марнавання.

З 2014 года рэалізуецца праграма абмежавання транспартнага руху ў Ватыкане. Пакідаць аўтамабілі на ўнутранай паркоўцы могуць толькі тыя супрацоўнікі, якія пражываюць на адлегласці больш чым двух кіламетраў ад Ватыкану. З 2018 года ўсталёўваюцца зарадныя станцыі для электракараў, а ватыканскі аўтапарк рэгулярна папаўняецца гібрыднымі і электрычнымі аўтамабілямі. З 2019 года на ватыканскіх запраўках рэалізуецца больш экалагічнае дызельнае паліва стандарту Diesel+, якое дазваляе зменшыць узровень расходу на 4%, а шкодныя выкіды – на 40%.
 

09 жніўня 2022, 11:26