Пошук

Цэлебрацыя Нешпараў на заканчэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. 2021.01.25 Цэлебрацыя Нешпараў на заканчэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. 2021.01.25 

Кардынал Кох: у Цэркваў няма адзінага бачання мэты экуменізму

“У нас па-ранейшаму няма адзінага бачання адносна мэты экуменізму”, – сцвердзіў кардынал Курх Кох.

Ян Глінскі

У інтэрв’ю для газеты Badisches Tagblatt перад 11-й Пленарнай асамблеяй Сусветнай рады Цэркваў (WCC), якая будзе праходзіць у нямецкім Карлсруэ з 31 жніўня па 8 верасня 2022 года, іерарх патлумачыў, што “кожная Царква мае ўласную ідэю адзінства сваёй Царквы і таму мае спакусу прымяніць гэтае бачанне таксама ў мэтах экуменізму”.

Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству лічыць, што Евангельская Царква ў Германіі (EKD) “выпрацавала сваю ўнутранапратэстанцкую экуменічную мадэль і часам імкнецца выкарыстоўваць яе ў адносінах з намі”. “Аднак экуменізм не можа быць спробай навязвання чагосьці партнёрам”, – сцвердзіў кардынал Кох і нагадаў, пра неабходнасць пошуку ў дыялогу таго, што нас яднае.

Адначасова прэфект дыкастэрыі скептычна ставіцца да працэсу рэформы Каталіцкага Касцёла ў Германіі, так званага сінадальнага шляху. Яго чацвёртая генеральная асамблея будзе праходзіць 8-10 верасня 2022 года ў Франкфурце-на-Майне. Ватыканскі іерарх нагадаў, што cінадальным шляхам занепакоены таксама Францішак. Пантыфік напісаў пра гэта Касцёлу ў Германіі, “аднак пакуль у яго не складваецца ўражанне, што выказаны ім непакой у Германіі ўспрымаецца сапраўды сур’ёзна”.

Кардынал Курт Кох адзначыў, што падзяляе пазіцыю Пантыфіка. “Я вельмі ўважліва сачу за сінадальным шляхам і вельмі занепакоены тым, куды давядзе гэты шлях у Каталіцкім Касцёле ў Германіі”, - падзяліўся іерарх і падкрэсліў неабходнасць тэрмінова, з усёй адказнасцю “распачаць дыскусію на гэтую тэму і ў ёй заставацца”.
 

26 жніўня 2022, 08:04