Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад далучыцца да Канвенцыі па клімаце і Парыжскай дамовы

Святы Пасад далучыцца да Канвенцыі па клімаце і Парыжскай дамовы з намерам дапамагаць эфектыўна і адэкватна адказваць на выклікі, якія змена клімату кідае чалавецтву і нашаму супольнаму дому.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

6 ліпеня 2022 года Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН мансеньёр Джардана Кача перадаў Генеральнаму сакратару ААН Антоніу Гутэрышу дакумент аб далучэнні Святога Пасаду – ад імя і па даручэнні Дзяржавы Ватыкан – да Рамачнай канвенцыі ААН аб зменах клімату. Пасля неабходных працэдур Ватыкан далучыцца таксама да Парыжскай дамовы 2015 года.

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што Святы Пасад мае намер зрабіць уклад і аказваць маральную падтрымку супрацоўніцтву ўсіх дзяржаў, каб “эфектыўна і адэкватна адказаць на выклікі, якія змена клімату кідае чалавецтву і нашаму супольнаму дому”.

Падкрэсліваецца, што гэтыя выклікі маюць не толькі экалагічнае, але таксама этычнае, сацыяльнае, эканамічнае і палітычнае значэнне, закранаючы ў першую чаргу самых бедных і безабаронных. Таму неабходна браць на сябе адказнасць за прасоўванне культуры клопату, якая ставіць у галаву вугла чалавечую годнасць і агульнае дабро.

Святы Пасад нагадаў настойлівы заклік Папы, які ў энцыкліцы Laudato si’ пісаў пра неабходнасць “адновы дыялогу на тэму спосабу будавання будучыні нашай планеты”, адзначаючы, што “мы патрабуем дыскусіі, якая нас усіх з’яднае, бо экалагічны выклік і яго чалавечыя карані датычаць і закранаюць усіх нас”.

Адказваючы на пытанне Пантыфіка: “Які свет мы хочам перадаць тым, хто будзе пасля нас, падрастаючым дзецям?”, Апостальская Сталіца выказвае спадзяванне на тое, што Канвенцыя ААН і Парыжская дамова дапамогуць кардынальнаму збліжэнню ўсіх у прыняцці абязацельстваў па “неадкладнай змене курсу”, гэта значыць па ўпэўненым пераходзе ад пануючай у грамадстве “культуры адчужэння” да “культуры клопату” аб агульным доме і яго жыхарах.

“У чалавецтва для гэтага ёсць сродкі, але патрабуецца сапраўднае навяртанне, як індывідуальнае, так і калектыўнае, і настойлівае жаданне прайсці гэты шлях. Па словах папы Францішка, гаворка ідзе пра больш цэласную мадэль развіцця, заснаваную на салідарнасці і адказнасці: менавіта гэтыя дзве фундаментальныя каштоўнасці павінны ляжаць у аснове рэалізацыі як Канвенцыі, так і Парыжскай дамовы, і яны будуць накіроўваць намаганні Святога Пасаду ў гэтым працэсе”, - падкрэсліваецца ў паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы.
 

09 ліпеня 2022, 08:15