Пошук

Сустрэча кардынала Параліна і Прэзідэнта Паўднёвага Судана Сальваторэ Маярдзіта Сустрэча кардынала Параліна і Прэзідэнта Паўднёвага Судана Сальваторэ Маярдзіта 

Дзяржсакратар у Паўднёвым Судане: без міру няма развіцця

5 ліпеня 2022 года кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін сустрэўся ў Джубе з Прэзідэнтам Паўднёвага Судана Сальваторэ Кіірам Маярдзітам, а затым з Віцэ-прэзідэнтам Рыекам Мачарам.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падчас паўгадзіннай размовы з Прэзідэнтам Паўднёвага Судана ўзгадваліся духоўныя практыкаванні для палітычных лідараў гэтай спакутаванай ад насілля і беднасці афрыканскай краіны, якія па ініцыятыве Святога Айца прайшлі ў 2019 годзе ў Ватыкане.

Тады, заклікаючы палітыкаў пакласці канец супрацьстаянню, Папа схіліўся перад імі на калені, пацалаваў ім ногі і прамовіў прароцкія словы, якія падчас сустрэчы нагадаў кардынал Паралін: “Адзіная барацьба, якую трэба весці, гэта барацьба за мір і развіццё. Гэта бітва, якую неабходна весці ўсім разам. Мір і развіццё – вельмі злучаны паміж сабой: без міра не можа быць развіцця. Адсутнасць міра – гэта крыніца нестабільнасці і незадаволенасці”.

Паўднёвасуданскі лідар шчыра прывітаў ватыканскую дэлегацыю, адзначаючы, што пасля рэкалекцый у Ватыкане ў краіне больш не было ўзброенага супрацьстаяння. Ён выказаў спадзяванне на магчымасць рэалізацыі візіту Святога Айца, які сёлета быў адкладзены ў сувязі з яго станам здароўя, а таксама запэўніў у малітве хрысціян розных канфесій аб хуткім выздараўленні Пантыфіка.

Кардынал Паралін пераказаў пасланне Папы да лідараў Паўднёвага Судана, прапануючы дзве канкрэтныя мэты, якіх варта дасягнуць: мір і нацыянальная згода. Дзяржсакратар адзначыў, што Пантыфік высока цэніць крокі, якія ў гэтым напрамку ўжо былі зроблены ўладамі. Ён адзначыў важнасць захавання мірнага пагаднення, стабілізацыі краіны, правядзення канстытуцыйнай рэформы, умацавання імкнення да адзінства, якое неабходна для развіцця Паўднёвага Судана. “Усе палітычныя сілы павінны служыць прагрэсу і развіццю краіны”, - дадаў на сустрэчы з Прэзідэнтам Паўднёвага Судана бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

06 ліпеня 2022, 12:12