Пошук

Інстытут рэлігійных спраў Інстытут рэлігійных спраў 

Святы Пасад: справаздача фінансавага нагляду за 2021 год

У Ватыкане была абнародавана справаздача Упраўлення па наглядзе і фінансавай інфармацыі Апостальскай Сталіцы (ASIF - Autorità di Supervisione e Informazione Finanziaria) за 2021 год.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У дакуменце органа фінансавага кантролю, задачай якога з’яўляецца супрацьдзеянне адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызма, а таксама нагляд у фінансавай сферы, адзначаецца, што цягам справаздачнага перыяду паступіла 104 паведамленні пра падазроныя аперацыі, ніводная з якіх не была звязана з магчымым фінансаваннем тэрарызму.

Старшыня Упраўлення па наглядзе і фінансавай інфармацыі Апостальскай Сталіцы Кармэла Барбагала ў каментары для Vatican News заўважыў, што аналіз такіх паведамленняў належыць да “найважнейшых і найдалікатнейшых заданняў”. Значная частка вынікаў гэтага аналізу перадаецца адпаведным органам для далейшай праверкі на наяўнасць прыкмет правапарушэнняў. Большасць такіх паведамленняў надыходзіць з Інстытута рэлігійных спраў (так званага Ватыканскага банку).

Старшыня фінансавага нагляду адзначыў, што пастаянна расце якасць такіх паведамленняў, чаму спрыяе “актывізацыя прэвентыўных мер, якія прымаюцца Інстытутам рэлігійных спраў, і ўсё больш асэнсаванае ўвядзенне рызыка-арыентаванага падыходу”.

У 2021 годзе павялічылася колькасць выпадкаў, якія патрабавалі прыняцця мер засцярогі, напрыклад адмены фінансавай аперацыі або арышту сродкаў на рахунках. 21 справа была перададзена ў Бюро прамотара справялівасці.

У рамках унутранага супрацоўніцтва ва ўстановы Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан было накіравана 62 запыты і атрымана 30 зваротаў ад іх. У сферы знешняга супрацоўніцтва Упраўленне накіравала партнёрам 34 запыты, а ад іх было атрымана 19. Колькасць пратаколаў аб узаемаразуменні, падпісаных з нацыянальнымі органамі фінансавага нагляду розных краін, павялічылася да 65. У 2021 годзе такія дамовы былі заключаны з трыма краінамі: Украінай, Сальвадорам і Гватэмалай.

 

14 чэрвеня 2022, 08:46