Пошук

Кардынал Леанарда Сандры Кардынал Леанарда Сандры 

Кардынал Сандры: тыя, хто сее смерць, атручаны імперскім мінулым

Сэрца кожнага, хто чыніць зло, знаходзіцца ў прорве і спустошана самотнасцю, - заўважыў кардынал Леанарда Сандры падчас візіту ў фармацыйны цэнтр Фінансавай гвардыі Італіі ў горадзе Арвіета.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў абмеркаваў з кадэтамі і афіцэрамі корпуса фінансавай паліцыі розныя актуальныя праблемы, у тым ліку сітуацыю Усходніх Цэркваў у Іраку, Сірыі і ва Украіне.

Пасля дыскусіі кардынал узначаліў святую Імшу ў мясцовым катэдральным касцёле. У гаміліі ён пракаментаваў біблійны ўрывак пра вандраванне ізраільскага народу праз пустыню і нараканні яўрэяў на Майсея і на самаго Бога. Іерарх падкрэсліў, што гэта сітуацыя з’яўляецца парадыгмай чалавечага досведу і часта паўтараецца ў гісторыі.

“Таксама ў наш час сярод уладароў краін ёсць тыя, хто аслеплены позіркам на магутнае імперскае мінулае, і, атручаныя гэтым бачаннем, яны здольныя сеяць смерць і спусташэнне, таптаць жыццё і годнасць тых, на каго нападаюць, а таксама тых, хто паслухмяна чыніць такія жахлівыя злачынствы”, - сказаў іерарх.

Кардынал Сандры дадаў, што ў такім кантэксце застаюцца актуальнымі словы Святога Айца з энцыклікі Fratelli tutti, які заклікаў “будаваць свет без скажэнняў, заўсёды падкрэсліваючы і абараняючы годнасць кожнага чалавека і братэрства, і такім чынам, ствараць новую цывілізацыю, у якой людзі жывуць у міры, узаемнай павазе, згодзе і дыялогу”.

“Тыя, хто чыніць зло, знаходзяць падтрымку ў зле іншых, як гэта было паміж гістарычнымі супернікамі – рымскім намеснікам Пілатам, каралём Ірадам і кіраўнікамі сінедрыёну, – якія вырашылі ўкрыжаваць Езуса. Сапраўды, сэрца кожнага з іх знаходзілася ў прорве, спустошанае самотнасцю, у адчаі, як і сэрца Юды, які, урэшце, не вытрымаў, і вырашыў пазбавіць сябе жыцця. Хрыстус ахвяраваў сваё жыццё за людзей, прабачаючы сваіх ворагаў, бескарысліва прапануючы збаўленне, каб кожны навучыўся глядзець, скіроўваць свой позірк на Яго”, - сказаў у гаміліі прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў.
 

07 красавіка 2022, 09:54