Пошук

Кардынал П’етра Паралін Кардынал П’етра Паралін 

Кардынал Паралін: рэлігія і экуменізм – асноватворныя для міру

Аб ролі рэлігій у садзейнічанні міру, а таксама аб выкліках экуменічнай дыпламатыі і міжрэлігійнага супрацоўніцтва распавёў Дзяржсакратар Яго Святасці у чарговай частцы інтэрв'ю парталу ACI Stampa.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал П’етра Паралін падзяліўся з італьянскім ватыканістам Андрэа Гальярдучы сваімі думкамі на тэму ініцыятыў, якія, акрамя дыпламатычных намаганняў, можа рэалізаваць Касцёл для падтрымкі мірнага дыялогу.

Перш за ўсё, важна, каб мірныя пагадненні грунтаваліся на прынцыпах справядлівасці. Мы ведаем, што прымусовыя мірныя дамовы становяцца крыніцай новых канцэпцый, войнаў і канфліктаў, - звярнуў увагу бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца. Ён нагадаў, што пагадненні павінны ўлічваць “законныя інтарэсы ўсіх бакоў”, каб ні адзін не адчуваў сябе задушаным іншым. Больш за тое, тут важная роля рэлігійных супольнасцей, якія павінны спрыяць пабудове міру праз пропаведзь Евангелля, фарміраванне і пастаянны напамін пра “ключавую тэму прабачэння”.

“Тэма прабачэння з'яўляецца асноватворнай для гаення ран. Праўда, прабачэнне – гэта павольны працэс. Да гэтага шляху трэба падыходзіць з вялікай павагай, не чакаючы, што ён будзе рэалізаваны за адну ноч. Аднак гэта шлях, які Касцёл прапануе і дапамагае прайсці праз малітву, сакрамэнты і ўсе звышнатуральныя сродкі, давераныя яму Богам”, - падкрэсліў кардынал Паралін. Для пабудовы міру неабходна таксама шырока распаўсюджваць у грамадстве сацыяльнае вучэнне Касцёла.

Гальярдучы звярнуў увагу на тое, што значная частка еўрапейскіх падарожжаў Францішка за апошнія гады – гэта краіны з праваслаўнай большасцю. Адказваючы на пытанне, ці можа гэты кірунак экуменічнага дыялогу дапамагчы дыпламатыі сёння, Дзяржсакратар прызнаўся, што верыць у гэта, таму што “добрыя адносіны паміж членамі розных хрысціянскіх канфесій або розных рэлігійных груп з’яўляюцца фундаментальнымі ў спрыянні міру”. Ён таксама падкрэсліў, што менавіта мір і згода сёння патрабуюць больш цеснага і эфектыўнага супрацоўніцтва на міжрэлігійнай аснове.

На пытанне, ці патрэбны экуменічны дакумент, створаны па ўзоры дакумента аб агульначалавечым братэрстве, падпісанага Францішкам і Вялікім імамам Ахмедам Эль-Таебам, кардынал Паралін патлумачыў, што яго падрыхтоўка запатрабуе ўдзелу ўсіх хрысціянскіх Цэркваў, і што прыярытэт перад стварэннем магчымага новага дакумента павінны мець супрацоўніцтва і рэалізацыя ўжо існуючага навучання. “Насамрэч, на гэтую тэму шмат экуменічных прапаноў. Дакументаў шмат, іх важна ўвасобіць у рэальнасць”, - падкрэсліў Дзяржсакратар Яго Святасці.
 

15 красавіка 2022, 11:18