Пошук

Кардынал П’етра Паралін Кардынал П’етра Паралін 

Дзяржсакратар размаўляў з дыпламатамі пра сітуацыю ва Украіне

Кардынал П’етра Паралін 23 сакавіка 2022 года ў Рыме ўзначаліў сустрэчу паслоў краін Афрыканскага і Еўрапейскага саюзаў, акрэдытаваных пры Святым Пасадзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Перад абліччам трагедыі ва Украіне, працягваецца імкненне Касцёла несці надзею многім людзям, вымушаным пакінуць свае дамы, не прыпыняюцца спробы заахвочваць да дыялогу і адкрыцця шляхоў прымірэння паміж бакамі канфлікту”, - гэта словы Дзяржсакратара Яго Святасці, з якімі ён звярнуўся да афрыканскіх і еўрапейскіх дыпламатаў.

Адказваючы на пытанне агенцтва ANSA пра тэлефонны званок, які адбыўся паміж Францішкам і Уладзімірам Зяленскім, кардынал Паралін заўважыў, што моцную заклапочанасць Папы і ўкраінскага лідара выклікае пытанне бяспекі гуманітарных калідораў. Ён дадаў, што на сённяшні дзень няма навін адносна рэакцыі на прапанову пасрэдніцтва Святога Пасаду ў перамовах паміж бакамі.

“Спачатку здавалася, што гэта будзе бліц, цяпер усё мяняецца. Мы пастаянна просім спачатку аб спыненні баёў і ваенных дзеянняў, а потым аб арганізацыі стала перамоў, бо прастора для перамоў застаецца заўсёды”, - падкрэсліў кіраўнік дыпламатыі Святога Пасаду.

Гаворачы аб Чыне прысвячэння чалавецтва, і асабліва Расіі і Украіны, Беззаганнаму Сэрцу Марыі, які Папа здзейсніць 25 сакавіка 2022 года, кардынал Паралін адзначыў: мы даручаем сябе Ёй, Маці Міласэрнасці і Валадарцы міру і просім прыйсці на дапамогу там, дзе не хапае чалавечых здольнасцей або адсутнічае чалавечая воля. На яго думку, хоць гэты абрад больш адпавядае каталіцкай традыцыі, не павінна быць ніякіх праблем у экуменічным плане, бо “прасіць аб дапамозе Маці Божую ў такой сур’ёзнай сітуацыі, як тая, у якой мы жывём, і якая, здаецца, не мае рашэння, справа неадкладная”.

Сёння дапамога ўкраінскім бежанцам такая ж важная, як і падтрымка мігрантаў, якія прыбываюць з Афрыкі, - адзначыў іерарх. Ён заклікаў каталіцкіх дабрачынцаў “знаходзіць новыя формы падтрымкі, напрыклад, праз супрацоўніцтва з дзяржавай, не забываючыся пра пошук знешніх мецэнатаў”.
 

24 сакавіка 2022, 11:16