Пошук

Арцыбіскуп Вінчэнца Палья Арцыбіскуп Вінчэнца Палья 

Арцыбіскуп Палья: вайна і зброя не вырашаюць праблем

Неабходна ўявіць і ствараць іншую будучыню, каб гэты канфлікт стаў апошнім і служыў напамінам пры пошуку і вызначэнні новых форм суіснавання паміж народамі, - лічыць арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Старшыня Папскай акадэміі жыцця падзяліўся сваімі думкамі адносна вайны ва Украіне з італьянскім выданнем Il Riformista. Іерарх лічыць, што “неабходна дзейсная і эфектыўная палітычная дальнабачнасць, каб з гэтага выпрабавання мы маглі выйсці з абноўленым, мудрым і доўгатэрміновым еўрапейскім праектам”.

“Мне здаецца, што альтэрнатывы няма: Еўропа – адна, у яе два лёгкія. Безумоўна, Усход і Захад маюць агульныя і розныя характарыстыкі, але, тым не менш, мы кажам пра Еўропу”, - зазначыў арцыбіскуп Палья, нагадваючы словы святога Яна Паўла ІІ пра юдэйска-хрысціянскую аснову еўрапейскага кантынента.

На думку старшыні Папскай акадэміі жыцця, важна пераасэнсаваць будучыню Еўропы, якая павінна прадугледжваць палітычную, фінансавую і культурную інтэграцыю ўсіх еўрапейскіх краін без выключэння. Важна праектаваць будучыню, якая будзе ахопліваць Еўропу ад Атлантыкі да Урала, - лічыць ватыканскі іерарх.

Будучыня Еўропы народаў патрабуе справядлівага палітычнага рашэння, якое будзе грунтаваць на павазе да міжнароднага права і правоў чалавека, - падкрэсліў арцыбіскуп. Ён нагадаў словы, якія Святы Айцец прамовіў падчас нядзельнай малітвы Анёл Панскі, заклікаючы па-сапраўднаму і рашуча засяродзіцца на перамовах.

Старшыня Папскай акадэміі перакананы, што менавіта перамовы з’яўляюцца тым інструментам, які чалавецтва вынайшла для дасягнення доўгатрывалых рашэнняў. Ён нагадаў, што “свет перажывае пандэмію, якую яшчэ не атрымалася перамагчы”, “экалагічны і кліматычны крызіс”, які будзе мець наступствы для ўсіх, “змену эпохі з пункту гледжання новых тэхналогій, якія закранаюць самаго чалавека”. Іерарх падкрэсліў, што ні вайна, ні зброя, насамрэч, не вырашаюць праблем.
 

15 сакавіка 2022, 11:26