Пошук

Папа Пій ХІІ Папа Пій ХІІ 

Нямецкі гісторык: Пій ХІІ ведаў пра Халакост і дапамагаў яўрэям

Пій ХІІ інфармаваў амерыканцаў пра Халакост, але яму не верылі, - распавёў Vatican News вядомы нямецкі даследчык Міхаэль Фельдкамп, галоўны архівіст Бундэстага.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пій ХІІ даведаўся пра ажыццяўленне Халакосту вельмі хутка. У сакавіку 1942 года – праз два месяцы пасля Ванзейскай канферэнцыі, на якой высокапастаўленыя нацысты зацвердзілі праграму рэалізацыі так званага “канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання” – ён даслаў ліст Прэзідэнту ЗША Тэадору Рузвельту, у якім папярэджваў пра тое, што “ў Еўропе нешта адбываецца на тэрыторыях, ахопленых вайной”. “Гэтыя паведамленні, аднак, успрымаліся амерыканцамі як малаверагодныя”, - падзяліўся гісторык, абапіраючыся на дакументы, адшуканыя ім у ватыканскіх архівах.

Міхаэль Фельдкамп падкрэсліў, што Пій ХІІ рэгулярна атрымліваў інфармацыю аб пераследзе яўрэяў. Папа стварыў спецыяльнае бюро пры Другой секцыі Дзяржаўнага сакратарыяту, персанал якога павінен быў займацца выключна гэтым пытаннем. У структуры працавалі два італьянскія святары, якія пазней сталі кардыналамі: мансеньёр Даменіка Тардзіні і мансеньёр Анжэла Дэль Аква. На працягу Другой сусветнай вайны яны былі ў пастаянным кантакце з Піем ХІІ, амаль штодзённа інфармуючы яго пра пераслед і масавыя дэпартацыі, а таксама пра лёс паасобных людзей, што звярталіся да і іх.

“І самае цікавае: сёння мы можам падлічыць, што дзякуючы асабістым намаганням Пія ХІІ было ўратавана па меншай меры 15 тысяч яўрэяў”, - сказаў гісторык, нагадваючы, што Папа даў указанне адкрыць для яўрэяў дзверы каталіцкіх кляштараў і іншых месцаў, дзе яны маглі б схавацца. Фельдкамп распавёў пра існаванне дакументаў, якія пацвярджаюць гэта, і нават выпадкі боек паміж нямецкімі салдатамі і папскімі гвардзейцамі, якія баранілі яўрэяў, схаваных у рымскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ.

На думку архівіста, тэма так званага “маўчання” Пія ХІІ падчас вайны застаецца актуальнай, але яно было вынікам разважлівасці: Папа не мог прыцягваць да сябе ўвагу, арганізуючы пратэсты ці пішучы адмысловыя ноты. Маўчанне было неабходна, каб мець магчымасць праводзіць сакрэтныя аперацыі па ратаванні яўрэяў. Менавіта дзеля гэтага Пантыфік вёў перамовы з нямецкім пасольствам, італьянскай паліцыяй і прадстаўнікамі італьянскіх уладаў. “Ён заўсёды імкнуцца дасягнуць максімум магчымага праз перамовы”, - зазначыў гісторык.

Міхаэль Фельдкамп шмат гадоў  вывучае гісторыю Касцёла, дыпламатычныя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Германіяй, а таксама дзейнасць Пія ХІІ у часы Другой сусветнай вайны. У 2000 годзе выйшла яго праца “Пій ХІІ і Германія”, у якой ён навукова аспрэчыў абвінавачванні ў супрацоўніцтве з нацыстамі, што скіроўваліся ў адрас Папы. Фельдкамп з’яўляецца адным з самых важных прадстаўнікоў сучаснага каталіцтва ў Германіі.
 

01 лютага 2022, 09:15