Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

12 лютага – дзень нараджэння Ватыканскага радыё

Папская радыёстанцыя адзначае 91-ю гадавіну з дня заснавання. Яна была адкрыта Піем ХІ 12 лютага 1931 года. У гэты дзень людзі ў розных кутках планеты змаглі ўпершыню пачуць голас Папы ў сябе дома.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У дзень урачыстай інаўгурацыі Ватыканскага радыё ў Рыме было прахалоднае і яснае надвор’е. Пачатак радыёвяшчання быў запланаваны на 16.30 па мясцовым часе, - пісаў у кнізе Восемдзесят гадоў радыёстанцыі Папы (Ottant'anni della Radio del Papa) журналіст і даследчык гісторыі папскай радыёстанцыі Фэрнанда Бэа.

Невялікія памяшканні сядзібы радыё ў Ватыканскіх садах не дазвалялі зрабіць цырымонію шматлюднай, тым не менш, на пляцоўцы перад ёй сабралася група курыяльных іерархаў і прэлатаў, а таксама інжынераў і навукоўцаў, якія жадалі стаць сведкамі гістарычнай падзеі. Урачыстую атмасферу стваралі шэрагі швейцарскіх і палацінскіх гвардзейцаў, а таксама два вялікія папскія штандары, якія развіваліся на высокіх флагштоках, устаноўленых па баках будынку.

За гадзіну да першага выйсця Святога Айца ў эфір прыбыў сам праекціроўшчык і стваральнік папскай радыёстанцыі Гульельма Марконі, які адразу накіраваўся ў тэхнічныя памяшканні і асабіста пракантраляваў радыёспалучэнне з рознымі кантынентамі.

Перад прыбыццём Пантыфіка адбылося благаслаўленне памяшканняў і абсталявання: была прачытана малітва, складзеная Піем ХІ спецыяльна для гэтай нагоды, бо на той час не існавала адмысловых літургічных формул для благаслаўлення радыё, у адрозненні, напрыклад, ад благаслаўлення тэлеграфу, чыгункі ці іншых тагачасных тэхнічных вынаходніцтваў.

Пій ХІ прыбыў з Апостальскага палацу аўтамабілем у суправаджэнні сваіх бліжэйшых супрацоўнікаў. Ён прывітаў прысутных і разам з невялікай групай, у склад якой уваходзіў Гульельма Марконі і першы дырэктар радыёстанцыі, ксёндз Джузэпэ Джанфранчэскі, наведаў розныя залы і сустрэўся з тэхнічным персаналам.

Святому Айцу быў дадзены гонар асабіста ўключыць электрычнае абстаўляванне радыё: Пій ХІ энергічным рухам апусціў рубільнік, пасля чаго запаліліся лямпачкі і памяшканні напоўніліся гукам рухавікоў радыёпрыладаў. Затым Папа адправіў кароткае тэлеграфнае пасланне: “In nomine Domini, Amen”, а потым заняў месца на чырвоным троне ў невялікай зале, дзе быў устаноўлены мікрафон.

З уступным словам выступіў Гульельма Марконі, які паведаміў, што мае гонар абвясціць аб адкрыцці Найвышэйшым Пантыфікам Піем ХІ радыёстанцыі Дзяржавы Ватыкан. “Электрычныя хвалі праз прастору панясуць на ўвесь свет яго словы міру і благаслаўлення. На працягу дваццаці стагоддзяў Рымскі Пантыфік прамаўляў словы свайго Боскага Настаўніка свету; але цяпер, у першы раз, Яго голас можна будзе пачуць адначасова на ўсёй паверхні зямлі. З дапамогай Бога, які дае ў распараджэнне чалавецтву шматлікія таямнічыя сілы прыроды, я змог зрабіць гэту прыладу, якая дасць вернікам ва ўсім свеце суцяшэнне чуць голас Святога Айца”, - сказаў італьянскі навуковец і перадаў слова Папу.

Голас Пантыфіка ўпершыню прагучаў у радыёфіры дакладна 12 лютага 1931 года ў 16.49. Тэкст свайго радыёзвароту Пій ХІ напісаў асабіста. Ён быў на лацінскай мове і амаль цалкам складаўся са слоў Святога Пісання. “Слухайце, о Нябёсы, што кажу вам; паслухай Зямля словы з вуснаў маіх... Слухайце і пачуйце, о далёкія народы!”, - урачыста прамаўляў Папа, праслаўляючы Бога і вітаючы ўсіх біскупаў і святароў свету, кансэкраваных асоб і місіянераў, вернікаў і людзей, далёкіх ад веры, кіраўнікоў дзяржаў і падданых, багатых і бедных, працаўнікоў і працадаўцаў, хворых і тых, хто пакутуе.

Папскае пасланне было пачута ва ўсіх кутках свету. Пра гістарычную падзею пісалі газеты ў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Аўстраліі і іншых краінах. З самых далёкіх частак планеты прыходзілі сведчанні людзей, якія ніколі не марылі пра тое, што змогуць калі-небудзь асабіста пачуць голас Наступніка святога Пятра, але цяпер маюць такую магчымасць.

Пра вялікую ўвагу да гэтай падзеі сведчыць такі кур’ёзны факт: брытанская газета The Universe правяла конкурс, прапануючы 5 фунтаў таму, хто напіша і дашле лепшы водгук на тэму: “Як я слухаў голас Папы”. У ім прыняло ўдзел каля мільёна чалавек. 

На сённяшні дзень Ватыканскае радыё вяшчае на 41 мове і мае сайт, які дзейнічае на 43 мовах свету. На папскай радыёстанцыі працуюць супрацоўнікі з 69 краін. Трансляцыі па-беларуску пачаліся 6 студзеня 1950 года. Ля іх вытокаў стаяў святар з Піншчыны, ксёндз Пётр Татарыновіч.

12 лютага 2022, 12:36