Пошук

Члены Ватыканскай камісіі па COVID-19 падчас размовы з Папам. Ілюстрацыйнае фота Члены Ватыканскай камісіі па COVID-19 падчас размовы з Папам. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: салідарнасць – станоўчы вынік пандэміі

Узаемазвязаныя крызісы ў галіне аховы здароўя і эканомікі не толькі не знішчылі чалавецтва, але і выклікалі пандэмію салідарнасці беспрэцэдэнтнага маштабу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Такой высновай падзяліўся Алесіа Пекарарыа, каардынатар Ватыканскай камісіі па COVID-19, створанай Францішкам. Прайшло два гады з таго часу, як Ухань паведаміў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя аб першых выпадках заражэння каронавірусам.

У інтэрв’ю Vatican News эксперт падкрэсліў, што пандэмія выявіла неабходнасць навяртання Касцёла, вызвалення яго ад эгаістычнага стаўлення, засяроджанасці на ўласных інстытутах. “Крызіс заахвоціў нас да стварэння супольнасці адкрытай, якая імкнецца выходзіць вонкі да самых малых, найбольш абяздоленых і маргіналізаваных, не згодных з няроўнасцю і насіллем. Гэта рэфлексія выклікала неабходнасць вяртання да сінадальнасці”, - патлумачыў Пекарарыа.

“Канешне, немагчыма ацаніць, якім стаў свет падчас пандэміі, лепшым ці горшым. Але, відавочна, што з прычыны COVID-19 стала менш міру і менш развіцця. Стакгольмскі міжнародны інстытут даследаванняў праблем міру пацвярджае, што выдаткі на ўзбраенне ў 2020 г. дасягнулі найбольшага росту з часоў фінансавага крызісу 2008 г. Дадзеныя паказваюць, што гэта быў таксама жудасны час для сусветнай эканомікі”, - звярнуў увагу супрацоўнік ватыканскай профільнай камісіі.

Аднак ён адзначыў і станоўчыя элементы крызісу. “Мы сталі сведкамі выбуху салідарнасці, такой жа “заразнай”, як і сам вірус. Касцёл таксама сутыкнуўся са шматлікімі выклікамі. Думаю, што мы зразумелі неабходнасць інстытуцыйнага пераўтварэння. Узнікла візія Касцёла, які выходзіць вонкі, імкнецца да сінадальнасці і слухання, нарадзілася неабходнасць абудзіць мацярынскі стыль хрысціянскіх супольнасцей, зацікаўленых у клопаце пра самых слабых і маргіналізаваных”, - пракаментаваў эксперт.

Пекарарыа лічыць, што свету неабходна вярнуцца да прынцыпаў, якія ляжаць у аснове сацыяльнага вучэння Касцёла, такіх як: годнасць асобы, імкненне да агульнага дабра, прэферэнцыйны падыход да бедных і клопат пра планету. Ён перакананы, што менавіта такі падыход можа дапамагчы сусветным лідарам у імкненні да цэласнага чалавечага развіцця, а Касцёлу – дасягнуць тых месцаў, дзе ён найбольш неабходны.
 

02 студзеня 2022, 11:41