Пошук

Папа Бэнэдыкт XV Папа Бэнэдыкт XV 

100-годдзе з дня смерці Бэнэдыкта XV

Сто гадоў таму, 22 студзеня 1922 года ў Ватыкане памёр папа Бэнэдыкт XV, на пантыфікат якога выпаў цяжкі час Першай сусветнай вайны і пачатак ганенняў на веру пасля камуністычнага перавароту ў Расіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Італьянец Джакама дэла К’еза быў абраны Папам 3 верасня 1914 года, крыху больш чым праз месяц пасля пачатку Першай сусветнай вайны. На той момант ён быў кардыналам усяго каля трох месяцаў. Новы Пантыфік меў вялікі дыпламатычны досвед: з 1901 года ён служыў у якасці Субстытута поруч з такімі Дзяржаўнымі сакратарамі як кардынал Марыяна Рампола дэль Тындара і кардынал Рафаэль Мэры дэль Валь.

Бэнэдыкт XV увайшоў у гісторыю ў першую чаргу як Папа-міратворац. Ад самага пачатку свайго пантыфікату ён рашуча заклікаў спыніць “бессэнсоўную бойню” і “самагубства цывілізаванай Еўропы”, як называў Першую сусветную вайну.

Пры ім прымірэнню імкнулася садзейнічаць ватыканская дыпламатыя, а бакам супрацьстаяння Папа зрабіў некалькі канкрэтных прапаноў, каб дапамагчы ім выйсці з канфлікту. Дзеля дапамогі ахвярам вайны Пантыфік распарадзіўся прадаць частку каштоўнасцей Ватыкана, даўшы пачатак гуманітарнай дзейнасці Касцёла, якая працягвае ажыццяўляцца да сённяшняга дня.

Праблеме міру Бэнэдыкт XV прысвяціў некалькі энцыклік, у першую чаргу Ad Beatissimi Apostolorum (1 лістапада 1914), у якой заклікаў кіраўнікоў дзяржаў спыніць грукат зброі і праліццё крыві людзей, а таксама Pacem Dei Munus Pulcherrimum (23 мая 1920), у якой звярнуў увагу на кволасць міру, які не грунтуецца на сапраўдным прымірэнні. Гэтыя словы сталі прароцкімі і іх сэнс быў цалкам зразуметы ў Еўропе толькі пасля заканчэння Другой сусветнай вайны.
 

22 студзеня 2022, 12:28