Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: анлайн-канферэнцыя па плане ліквідацыі COVID-19

Вядучыя эксперты і грамадскія лідары – у тым ліку прадстаўнікі Папскай акадэміі сацыяльных навук і профільнай ватыканскай камісіі – сустрэліся на анлайн-канферэнцыі па плане ліквідацыі COVID-19.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас сустрэчы гучалі моцныя словы: “Паводле плану, да канца месяца павінна было быць прышчэплена 40% насельніцтва планеты. У рэальным выражэнні ў Афрыцы гэта ў сярэднім 8%. Сусветная арганізацыя аховы здароўя працуе вельмі дрэнна. Гэта вынік абсурднага і ганебнага ігнаравання праблемы з боку буйных краін, у тым ліку ЗША, Еўрасаюза, Кітая і Расіі”, - заявіў на канферэнцыі эканаміст Джэфры Сакс з Папскай акадэміі сацыяльных навук.

“Мы ведаем, што трэба зрабіць, - дадаў прафесар Янір Бар Ям з Сусветнай сеткі аховы здароўя. - Адзінае, што стаіць на нашым шляху, – гэта два ілжывых перакананні. Першае: немагчыма дасягнуць стану элімінацыі віруса. Другое: мы павінны выбіраць паміж здароўем і жыццём людзей і інтарэсамі эканомікі. Гэта няпраўда. Па-першае, мы маем прыклады краін па ўсім свеце, якія паказваюць, што магчымы лепшы адказ, чым у Еўропе. Пасля летняй хвалі высокай інфекцыі Японія дасягнула адзнакі адной інфекцыі на мільён жыхароў. Па-другое, экспертны аналіз яскрава паказвае, што тыя краіны, якія значна скарачаюць колькасць выпадкаў, эканамічна спраўляюцца значна лепш”, - заўважыў ён.

Арганізатары таксама падкрэслілі неабходнасць спалучэння мер па прадухіленні распаўсюджвання віруса з фінансавай падтрымкай грамадзян. Гэта дапаможа аднаўленню даверу насельніцтва да палітычных інстытутаў. “Людзі не давяраюць сваім урадам. Многія аддаюць перавагу памерці, а не прызнаць, што іх урад можа прапанаваць адпаведныя меры”, - сказаў Рока Бутыльёне, член Папскай акадэміі сацыяльных навук, былы міністр па еўрапейскіх справах і сенатар Італьянскай Рэспублікі. “Урады павінны праявіць сапраўдную салідарнасць, каб вярнуць давер”, - падкрэсліў ён.

Удзельнікі канферэнцыі таксама звярнулі ўвагу на прамую сувязь паміж кліматычным і санітарным крызісамі. “Цяперашняя пандэмія з'яўляецца яшчэ адным відавочным доказам парушанай гармоніі паміж нашым грамадствам і прыродай”, - сказала К'яра Марцінэлі, дырэктар Climate Action Network Europe.

Арганізатары абвясцілі аб далейшых мерапрыемствах, накіраваных на еўрапейскія інстытуты. Гэтыя дзеянні будуць сканцэнтраваны на стратэгіі па спыненні пандэміі і імкненні зрабіць Еўрапейскую зялёную дамову больш сацыяльна справядлівай.
 

22 снежня 2021, 11:54