Пошук

Кардынал Конрад Краеўскі. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Конрад Краеўскі. Ілюстрацыйнае фота 

Папскі элемазінарый здзейсніў “падарожжа ўдзячнасці” па Італіі

Папскі элемазінарый здзейсніў падарожжа па некалькіх гарадах на поўначы Італіі, каб падзякаваць ад імя Святога Айца людзям і ўстановам за падтрымку бедных.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Конрад Краеўскі ў інтэрв’ю Vatican News падзяліўся падрабязнасцямі сваёй паездкі. Ён спыніўся ў Крэмоне і Лодзі, дзе адкрыў новыя прытулкі для бедных. У Мілане іерарх падзякаваў людзям, якія на працягу апошніх шасці гадоў кожны месяц дасылаюць у Рым грузавік з прадуктамі. Каля П'ячэнцы ён наведаў прадпрыемства, дзе супрацоўнікі рэгулярна раздаюць свае талоны на харчаванне бедным.

Самым незвычайным месцам, куды адправіўся кардынал Краеўскі стала турма ў Падуі, дзе ўтрымліваюцца 800 зняволеных. Яны працуюць у пякарні і кандытарскай, якія знаходзяцца на тэрыторыі пенітэнцыярнай установы – устаюць у два ночы, каб забяспечыць хлебам і прысмакамі жыхароў Падуі. Таксама тут стварылі прадпрыемства, якое займаецца ўборкай горада, у якім працуюць зняволеныя, што яшчэ адбываюць пакаранне, што ўжо выйшлі з турмы і каму няма куды ісці – гэта каля 400 чалавек. Госць з Ватыкана цэлебраваў для іх святую Імшу.
 

21 снежня 2021, 12:37