Чыра Іммобіле Чыра Іммобіле  

Ватыкан: зорка футбола Італіі будзе суддзёй дабрачыннага матча

Зорка італьянскага футбола Чыра Іммобіле стане суддзёй дабрачыннага матча з удзелам каманды, якую сабраў Святы Айцец. Залаты прызёр чэмпіянату Еўропы 2020 г. абярэ двух сваіх сяброў з каманды ў якасці лінейных суддзяў.

Ян Глінскі - Vatican News

“Я хацеў бы падзякаваць Францішку за такі шанс”, - адзначыў капітан клуба Lazio, выказаўшы радасць, што можа быць часткай гэтай “цудоўнай ініцыятывы” супраць дыскрымінацыі.

Матч адбудзецца 21 лістапада 2021 г. на трэніровачнай базе футбольнага клуба Lazio у горадзе Фармэла недалёка ад Рыма.

Назва папскай каманды Fratelli tutti паходзіць ад энцыклікі, у якой Францішак заклікае да “братэрства і сацыяльнага сяброўства”. Яна будзе супрацьстаяць гульцам, выбраным Сусветнай арганізацыяй цыганоў (World Rom Organisation), якая выступіла з ініцыятывай арганізаваць гэты дабрачынны матч пасля візіту Пантыфіка ў цыганскі раён у славацкім Кошыцэ. Як адзначыў Папа падчас таго падарожжа, “шляхам да мірнага суіснавання з’яўляецца інтэграцыя, арганічны, павольны і жывы працэс, які заўсёды распачынаецца ад узаемнага пазнання”.

Старшыня Папскай рады па культуры, кард. Джанфранка Равазі падчас прэс-канферэнцыі назваў футбол “магутнай з’явай з шырокім дыяпазонам уздзеяння”, якая адначасова “мае этычны аспект”. “Гульня па сваёй прыродзе не мае спажывальніцкага характару, яна творчая і вольная, а таму прынцыпова сплецена з культурай”, - адзначыў ватыканскі іерарх, спасылаючыся на класічную грэчаскую культуру, у якой спорт быў звязаны з літаратурай, паэзіяй, тэатрам.

Старшыня клуба Lazio Клаўдыё Лоціта адзначыў, што бачыць у гэтым праекце шанс перамагчы “сацыяльныя, эканамічныя, культурныя і этнічныя бар’еры” і таму ён адразу згадзіўся, калі Ватыкан папрасіў аб падтрымцы. “Фармэла, наш дом, будзе адкрыты для ўсіх, асабліва для тых, хто мае менш шчасця ў жыцці”, - падкрэсліў італьянскі футбольны функцыянер.
 

19 лістапада 2021, 11:30