Руслан Казакбаеў падчас размовы з Францішкам Руслан Казакбаеў падчас размовы з Францішкам 

Кіраўнік дыпламатыі Кыргызстана з гістарычным візітам у Ватыкане

10 лістапада 2021 г. адбылася кароткая размова Францішка з Міністрам замежных спраў Кыргызстана Русланам Казакбаевым. Яна мела месца на заканчэнне агульнай аўдыенцыі ў Зале Паўла VI.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Упершыню ў гісторыі настолькі высокі прадстаўнік гэтай цэнтральнаазіяцкай краіны наведаў Італію і Ватыкан. Кіраўнік дыпламатыі Кыргызстана таксама сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці, кард. П’етра Паралінам, з якім правёў шырокую размову.

Святы Пасад і Кыргызская Рэспубліка ўсталявалі дыпламатычныя адносіны 27 жніўня 1992 г. З 24 чэрвеня 2016 г. Апостальскім нунцыем у краіне з’яўляецца арцыбіскуп Фрэнсіс Чулікат.

Як паведамляе Міністэрства замежных спраў Кыргызстана, Пантыфік перадаў найлепшыя пажаданні кіраўніцтву краіны і яе народу.

Падчас размовы ў Дзяржаўным сакратарыяце бакі адзначылі неабходнасць умацавання двухбаковага супрацоўніцтва паміж краінамі ў палітычнай і культурна-гуманітарнай сферах, а таксама пашырэнне дагаворна-прававой базы. Адбыўся абмен думкамі па міжнародным і рэгіянальным парадку дня ў кантэксце захавання міру і стабільнасці. Асобна былі абмеркаваны пытанні міжрэлігійнай талерантнасці, асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням у сферы адукацыі.

У сувязі з 30-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін паміж Кыргызстанам і Святым Пасадам у 2022 г., Міністр прапанаваў ватыканскаму боку разгледзець пытанне заключэння Пагаднення аб пашыраным супрацоўніцтве, якое ўключыла б сферы адукацыі і культуры. Дзяржаўны сакратар прыняў прапановы Руслана Казакбаева па пашырэнні дагаворна-прававой базы дзвюх краін, а таксама па арганізацыі ў 2022 г. узаемных візітаў на высокім і вышэйшым узроўнях.

Па выніках сустрэчы была выказана ўзаемная гатоўнасць у развіцці кыргызска-ватыканскіх адносін па напрамках, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, - гаворыцца на сайце Міністэрства замежных спраў Кыргызстана.
 

11 лістапада 2021, 11:28