Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар: вакцынацыя – учынак адказнасці перад бліжнім

Крызіс надзеі, вакцынацыя ад каронавіруса, праблема эўтаназіі і роля хрысціян у грамадстве – некаторыя тэмы інтэрв’ю кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна ватыканскім СМІ.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Трэба быць здольнымі распаўсюджваць надзею”, але не праз агульныя заклікі, а даючы пачатак канкрэтным працэсам, што дазволяць з упэўненасцю глядзець у будучыню, - заўважыў бліжэйшы супрацоўнік Папы ў размове з журналістамі на заканчэнне Фестываля сацыяльнага вучэння Касцёла, які прайшоў у італьянскім горадзе Верона.

Гаворачы пра сітуацыю, выкліканую пандэміяй, іерарх нагадаў пра важнасць вакцынацыі і даследаванняў у сферы барацьбы ў вірусам. У той жа час ён заўважыў, што Адвэнт, які пачаўся ў Касцёле, заклікае адкрыцца на Бога і памятаць, “што нашы намаганні не змогуць прынесці плён без Божай ласкі”.

Каментуючы пазіцыю людзей, якія свядома не робяць прышчэпку супраць COVID-19, настойваючы на свабодзе выбару ў гэтым пытанні, кардынал нагадаў, што свабода павінна быць адказнай, у адваротным выпадку яна становіцца пустой ці ўвогуле ператвараецца ў рабства. Ён звярнуў увагу на вялікую колькасць хворых на каронавірус сярод невакцынаваных, а таксама нагадаў словы Святога Айца пра тое, што вакцынацыя – гэта “ўчынак любові” да бліжняга.

У кантэксце дыскусіі пра эўтаназію, якая вядзецца ў італьянскім грамадстве, кард. Паралін заўважыў, што сучаснае дэхрысціянізаванае грамадства пачынае забываць пра “бясконцую каштоўнасць чалавечага жыцця”. Таму хрысціяне павінны працягваць настойваць на евангельскім антрапалагічным бачанні, неад’емным для абароны годнасці кожнага чалавека. Неабходна дапамагаць пакутуючым і сведчыць пра тое, што цярпенні набываюць сэнс, калі разумеюцца ў святле мукі, смерці і ўваскрасення Пана, - дадаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.
 

29 лістапада 2021, 10:54