Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: сімпозіум пра споведзь у “Доўгім ХІХ стагоддзі”

У Ватыкане распачаўся VII Cімпозіум для спаведнікоў, арганізаваны Апостальскай Пэнітэнцыярыяй. Яго тэма: “Пакаянне і Пэнітэнцыярыя паміж рэвалюцыямі і рэстаўрацыямі (1789-1903)”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

На працягу двух дзён, з 21 па 22 кастрычніка 2021 г., удзельнікі сустрэчы будуць разважаць пра адносіны да сакрамэнту споведзі і пра дзейнасць Апостальскай Пэнітэнцыярыі ў перыяд ад Вялікай французскай рэвалюцыі да смерці папы Льва ХІІІ – у гістарычную эпоху, якая амаль супадае з так званым “Доўгім ХІХ стагоддзем”.

“Гаворка ідзе пра час, пазначаны шматлікімі рэвалюцыямі і рэстаўрацыямі, пастаяннымі пераменамі, вяртаннямі да мінулага і інавацыямі, як на грамадска-палітычным узроўні, так і касцёльным”, - патлумачыў у інтэрв’ю Vatican News мансеньёр Кшыштаф Ныкель, рэгент Апостальскай Пэнітэнцыярыі.

Дакладчыкі прапануюць удзельнікам канферэнцыі паразважаць над тэмамі сімпозіума згодна з міждысцыплінарыным падыходам – з перспектывы гісторыі, тэалогіі, з пункту гледжання сакрамэнтальных практык, рэлігійнасці, права і культуры.

Першы дзень канферэнцыі завершыцца дакладамі італьянскага святара і кампазітара, кс. Марка Фрызіны, і загадчыцы аддзела Візантыйскага сярэднявечнага мастацтва Ватыканскіх музеяў Адэлі Брэды, якія распавядуць пра эвалюцыю прадстаўлення тэмы граху, міласэрнасці і пакаяння ў мастацтве ХІХ ст.

“Гаворка не ідзе пра тое, каб проста ўзгадаць мінулае, якога больш няма, але, каб, разважаючы пра мінулае, скарыстацца магчымасцю яшчэ раз паказаць прыгажосць і важнасць гэтага сакрамэнту ў жыцці вернікаў, якія нават сярод недасканаласці і непазбежных падзенняў, працягваюць крочыць наперад па шляху збаўлення, пра што пастаянна нагадвае папа Францішак. Роля і прыгажосць сакрамэнту міласэрнасці ў гэтай дынаміцы падзення і прымірэння больш чым відавочныя”, - падкрэсліў мансеньёр Ныкель.

Гаворачы пра важныя змены, якія закранулі адносіны да сакрамэнту пакаяння на працягу ХІХ ст., рэгент Апостальскай Пэнітэнцыярыі заўважыў, што гэты час быў пазначаны пераадоленнем празмернай строгасці – уплыву янсенізма, распаўсюджанага ў XVIII ст. З іншага боку, гэта быў “перыяд трыумфу маральнай тэалогіі св. Альфонса Марыі дэ Лігуоры, больш ураўнаважанай і ўважлівай да канкрэтных патрэбаў пэнітэнтаў”.

“Вялікі неапалітанскі святы, кананізаваны менавіта на працягу таго стагоддзя, а затым абвешчаны Піем ХІІ апекуном усіх спаведнікаў, з’яўляецца бясспрэчным арыенцірам для ўсіх святароў, якія выконваюць служэнне ў канфесіянале”, - сказаў мансеньёр Ныкель.

Святар падкрэсліў, што ХІХ ст. з’яўляецца таксама і перыядам узнікнення новых праблем, перад якімі спаведнікі апынуліся, рэалізуючы на практыцы нарматыўныя прынцыпы. “Маюцца на ўвазе праблемы, звязаныя з сужэнскай этыкай, але таксама ўсе пытанні, якія сёння мы б аднеслі да сацыяльнага вучэння, праблемы, звязаныя з адносінамі католікаў да сучаснага грамадства, часта прасякнутага ліберальным і антыклерыкальным духам”, - падзяліўся рэгент.

У рамках сімпозіума адбудзецца беспрэцэдэнтная падзея – адкрыццё так званага “Архіва тэолага” Апостальскай Пэнітэнцыярыі, у якім захоўваюцца тэксты меркаванняў тэалагічных кансультантаў гэтай ватыканскай установы адносна асабліва складаных выпадкаў, якія ў ёй разглядаліся на працягу стагоддзяў.

Папа Францішак у 2019 г. дазволіў адкрыць для азнаямлення гэта сховішча дакументаў, дагэтуль прызначанае выключна для навуковага вывучэння. Тэксты тычацца тэалагічных і кананічных пытанняў, якія разглядаюцца агульна, і не закранаюць канкрэтныя выпадкі, абароненыя пячаткай сакрамэнтальнай таямніцы. “Вывучэнне гэтых дакументаў дазволіць паступова зразумець не толькі напрамкі асобных тэолагаў ці самой Пэнітэнцыярыі, але таксама культурную атмасферу і адносіны ўнутры Курыі з невядомай дагэтуль перспектывы”, - патлумачыў мансеньёр Ныкель.
 

21 кастрычніка 2021, 10:39