Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Vatican Cycling стала членам Міжнароднага саюза веласіпедыстаў

Vatican Cycling – веласіпедная секцыя ватыканскага спартыўнага клуба Athletica Vaticana – стала членам Міжнароднага саюза веласіпедыстаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Афіцыйны дакумент, які пацвярджае гэтае рашэнне, падпісаны месяц таму на 190-м кангрэсе Саюза ў Лювэне, быў уручаны 28 кастрычніка 2021 г. старшынёй Давідам Лапарцьенам у Ватыкане.

Атрымліваючы сертыфікат, кард. Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры, якой падпарадкоўваецца Athletica Vaticana, нагадаў пра супрацоўніцтва з Міжнародным алімпійскім камітэтам, засяроджанае вакол слова “communiter” або “разам”, якое дадалі да алімпійскага дэвізу Citius – Altius – Fortius (хутчэй, вышэй, мацней) падчас нядаўняй Алімпіяды ў Токіо.

Лапарцьен, у сваю чаргу, звярнуў увагу на тое, што, грунтуючыся на агульных каштоўнасцях, такіх як справядлівасць і мір, Саюз гатовы супрацоўнічаць з ватыканскім спартыўным таварыствам у стварэнні інклюзіўных праектаў. Ён таксама падарыў і папрасіў перадаць Папу веласіпедную майку як знак сяброўства, прызнання і жадання сумесна праз спорт ствараць масты дыялогу.

Падчас сустрэчы гаварылася аб тым, што язда на ровары з'яўляецца супольнай формай заняткаў спортам. Было патлумачана, што рашэнне Athletica Vaticana падтрымаць веласіпедны спорт нарадзілася не толькі з прычыны папулярнасці гэтага віду ў самім Ватыкане, але і з усведамлення таго, што веласіпедны рух, як заўважыў Францішак, прадугледжвае такія цноты, як вытрымка, адвага, павага да правілаў, альтруізм і праца ў камандзе.

Athletica Vaticana таксама намагаецца стаць членам іншых міжнародных спартыўных арганізацый: Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (World Athletics), Міжнароднай федэрацыі падл-тэніса (International Padel Federation) і Сусветнай федэрацыі тэквандо (World Taekwondo).
 

29 кастрычніка 2021, 10:05