Кард. Вальтэр Каспер Кард. Вальтэр Каспер  

Кард. Каспер чакае большага ўдзелу жанчын у жыцці Касцёла

Кард. Вальтэр Каспер упэўнены, што ў будучыні жанчыны будуць адыгрываць больш значную ролю ў жыцці Касцёла. "Думаю, што мы крыху праспалі", - лічыць 88-гадовы іерарх.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Былы прэфект Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству нагадаў, што Касцёл шмат зрабіў для абароны годнасці і роўнасці жанчын ва ўсім свеце. Жанчыны робяць шмат і бачаць многае па-іншаму, інакш падыходзяць да многіх рэчаў. Яны могуць дапаўняць уклад і пункт гледжання мужчын. Тым не менш, лічыць кард. Каспер, многім маладым кандыдатам у святары неабходна яшчэ навучыцца паводзіць сябе з жанчынамі "на ўзроўні вачэй".

Іерарх спаслаўся на дыскусію вакол жаночага святарства. Ён прызнаўся, што вельмі засмуціўся, калі Англіканская Царква раскалолася ў пытанні пасвячэння жанчын і "з таго часу застаецца фактычна падзеленай". "Я не хацеў бы гэтага для Каталіцкага Касцёла”, - сказаў нямецкі кардынал. Аднак дыскусію, лічыць ён, варта працягваць, "нельга проста забараніць пастаўленае пытанне".

Вера, малітва і выклікі, якія стаяць перад Касцёлам, будуць тэмамі, якія іерарх закране ў серыі аўтарскіх рубрык на хвалях нямецкай праграмы Ватыканскага радыё. Першая з іх выйшла ў эфір 17 кастрычніка 2021 г.

Выдатны тэолаг Вальтэр Каспер быў у 1989-1999 гг. біскупам нямецкай дыяцэзіі Ротэнбург-Штутгарт, пасля чаго Пантыфік перавёў яго ў Рымскую курыю. У 2001-2010 гг. ён быў старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. У 2001 г. Ян Павел ІІ далучыў іерарха да Калегіі кардыналаў.
 

18 кастрычніка 2021, 12:37