Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар: не хапае палітычнай волі для ратавання экалогіі

Кардынал П’етра Паралін даў інтэрв’ю ватыканскім СМІ напярэдадні 26-й Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб зменах клімату (COP26), якая пройдзе 1-12 лістапада 2021 г. у Глазга.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кардынал заўважыў, што застаецца актуальным пытанне пра тое, наколькі хуткім будзе пераход да мадэлі развіцця, свабоднай ад тэхналогій і паводзін, якія прыводзяць да шкодных выкідаў у атмасферу. У сувязі з тым, што гэты працэс павольны, канферэнцыя ў Глазга мае асаблівае значэнне, бо праз яе можна будзе “стымуляваць калектыўную волю і ўзровень амбіцый паасобных дзяржаў”. Форум павінен пацвердзіць прыярытэт мультылатэралізма і дзеяння, - дадаў ён.

Неабходна, каб чалавецтва пачатку ХХІ ст. запомнілася тым, што велікадушна ўзяла на сябе сур’ёзныя абавязацельствы, - нагадаў іерарх словы Папы, падкрэсліваючы, што адказваць на сучасныя выклікі трэба ставячы ў цэнтр увагі годнасць чалавека і аб’ядноўваючыя высілкі. “Мы павінны працаваць усе разам на карысць умацавання саюза паміж чалавекам і навакольным асяроддзем, з асаблівай увагай да найбольш уразлівага насельніцтва”, - дадаў ён.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца нагадаў пра шчыльную ўзаемасувязь паміж дэградацыяй навакольнага асяроддзя і сацыяльнай дэградацыяй, таму “мір, справядлівасць і абарона стварэння – гэта тры звязаных паміж сабой праблемы”, якія нельга разглядаць асобна. У сувязі з гэтым важна, каб вынікам канферэнцыі ў Глазга сталі не толькі меры па змягчэнні наступстваў змены клімату, але і аказанне дапамогі найбольш уразлівым групам.

Кардынал Паралін нагадаў словы Святога Айца пра тое, што сумесныя намаганні на карысць інтэгральнай экалогіі павінны прыводзіцца ў дзеянне “рухавіком любові”. Неабходна супрацьстаяць “культуры марнатраўства”, якая пераважае ў нашым грамадстве і ўмацоўваецца “зернямі канфліктаў”: прагнасцю, абыякавасцю, неадукаванасцю, небяспекай і насіллем. Барацьба з сацыяльна-экалагічнай дэградацыяй павінна пачынацца з пераходу ад “культуры адкідаў” да “культуры клопату”, - дадаў ён.

Паводле іерарха, для перамен чалавецтва мае неабходныя рэсурсы, але не хапае палітычнай волі. У гэты працэс павінны быць уключаны ўсе, у першую чаргу моладзь.
 

30 кастрычніка 2021, 16:56