Пошук

Лагатып Сусветных дзён моладзі 2023 г. Лагатып Сусветных дзён моладзі 2023 г. 

Абвешчана дата правядзення Сусветных дзён моладзі 2023 г.

4 кастрычніка 2021 г. была афіцыйна абвешчана дата правядзення бліжэйшых Сусветных дзён моладзі. Форум адбудзецца з 1 па 6 жніўня 2023 г. у Лісабоне.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Абвяшчэнне даты Сусветных дзён моладзі ў дзень св. Францішка Асізскага – гэта вельмі важны момант для ўсіх нас”, бо маладыя людзі ва ўсім свеце ўжо даўно хацелі ведаць яе, каб пачаць рыхтавацца да падарожжа ў сталіцу Партугаліі, - гаворыцца ў паведамленні Арганізацыйнага камітэта форума.

“Мы спадзяёмся, што 22 месяцы, якія аддзяляюць нас ад Сусветных дзён моладзі, стануць для ўсіх часам евангелізацыі”, - заявіў кардынал Мануэль Клементэ, Патрыярх Лісабона. Адзначаецца, што на цяперашні час у падрыхтоўцы форума задзейнічана каля 400 валанцёраў, пераважна партугальцаў. У сваю чаргу ў кожнай з 21-й дыяцэзій краіны былі створаны лакальныя арганізацыйныя камітэты.

Важнымі падзеямі на шляху падрыхтоўкі да Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне стала прэзентацыя лагатыпа, якая адбылася ў кастрычніку 2020 г.; перадача сімвалаў форума, у лістападзе 2020 г.; і стварэнне гімну Сусветных дзён моладзі, які быў прадстаўлены ў студзені 2021 г.

Сусветныя дні моладзі – найбуйнейшы каталіцкі форум, які праводзіцца кожныя два-тры гады ў розных краінах свету, і збірае мільёны маладых людзей з усёй планеты. Сустрэча ў сталіцы Партугаліі стане 33-й па ліку. Першыя Сусветныя дні адбыліся ў 1986 г. у Рыме, а апошнія – у 2019 г. у Панаме. Форум у Лісабоне павінен быў адбыцца летам 2022 г., але быў перанесены на іншы тэрмін у сувязі з пандэміяй каронавіруса.
 

04 кастрычніка 2021, 10:44