Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскія музеі: выстава ўнікальных абразоў святых Пятра і Паўла

24 верасня 2021 г. у Ватыканскіх музеях адбудзецца ўрачыстае адкрыццё ўнікальнай выставы “Святыя Пётр і Павел Рафаэля і Фра Барталамеа. Даніна пашаны да апекуноў Рыма”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Галоўнымі экспанатамі на выставе стануць абразы святых Пятра і Паўла, якія дзесяцігоддзямі захоўваліся ў Папскім пакоі для аўдыенцый у ватыканскім Апостальскім палацы і таму не былі даступнымі для шырокай публіцы.

Восенню 1513 г. Фра Барталамеа, мастак і манах-дамініканін з фларэнтыйскага кляштару св. Марка, адправіўся ў Рым, дзе яму былі заказаны два абразы Князёў апосталаў для касцёла св. Сільвестра на Квірынальскім пагорку. Ён зрабіў эскізы і намаляваў св. Паўла, але раптоўны творчы крызіс перашкодзіў яму завяршыць працу. Найбольш верагодна, што пасля яго смерці ў 1517 г., абраз св. Пятра быў дамаляваны Рафаэлем, як пра гэта сведчыць Вазары.

Мастацкія творы былі скрупулёзна даследаваны і адрэстаўраваны ў 2019 г. У працэсе іх вывучэння ўзнікла ідэя выставы, наведвальнікі якой маглі б пазнаёміцца як з завершанымі працамі, так і з эскізамі, якія звычайна захоўваюцца ў Галерэі Уфіцы ў Фларэнцыі і былі часова прывезены ў Ватыкан. Выстава будзе праходзіць у XVII Зале Пінакатэкі Ватыканскіх музеяў з 25 верасня 2021 г.
 

24 верасня 2021, 09:57