Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: школы не з’яўляюцца цэнтрамі распаўсюджвання COVID-19

Падчас пандэміі школа застаецца бяспечным месцам, калі дзейнічаюць адпаведныя прафілактычныя меры і калі вучні, сем'і і персанал кіруюцца медыцынскімі ўказаннямі, - заявілі ватыканскія педыятры.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дзіцячая бальніца Bambino Gesù ў супрацоўніцтве з Італьянскай педыятрычнай асацыяцыяй правяла спецыяльнае даследаванне на гэтую тэму. Яно працягвалася ўвесь мінулы навучальны год і мела месца ў дзвюх рымскіх школах. Былі залучаны больш за 200 супрацоўнікаў і больш за 1000 вучняў ва ўзросце ад 5 да 19 гадоў. Была праверана рэальная рызыка распаўсюджвання COVID-19 у школах шляхам малекулярнага тэсціравання сліны і проб крыві ўсіх вучняў і супрацоўнікаў. Спецыялісты правялі больш за 11 тыс. тэстаў. Быў выяўлены толькі 21 станоўчы выпадак, што складае 0,2%. Але і тут не адбылося распаўсюджвання інфекцыі ў класах.

Вынікі неўзабаве будуць апублікаваны ў навукова-даследчай працы. Кіраўніцтва ватыканскай бальніцы ўжо вырашыла перадаць іх Міністэрству адукацыі Італіі, бо ў краіне праз тыдзень пачынаецца навучальны год.

Па словах аўтараў даследавання, трэба прыкласці ўсе намаганні, каб у бліжэйшыя месяцы школы заставаліся адкрытымі, а ўрокі праводзіліся ў прысутнасці вучняў. Дзеці, асабліва малодшыя, і так ужо моцна пацярпелі ад закрыцця школ.
 

07 верасня 2021, 11:59