Пошук

Падчас прэзентацыі Падрыхтоўчага дакумента Сінода Падчас прэзентацыі Падрыхтоўчага дакумента Сінода 

У Ватыкане прадставілі Падрыхтоўчы дакумент Сінода Біскупаў

На важнасць шляху сінадальнасці, "якой Бог чакае ад Касцёла трэцяга тысячагоддзя", паказвае Падрыхтоўчы дакумент XVI Звычайнай асамблеі Сінода Біскупаў. Яго прэзентацыя прайшла 7 верасня 2021 г. у Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Было адзначана, што мэта Дакумента – дапамагчы сінадальнаму працэсу, у прыватнасці, у якасці інструмента падтрымкі першай фазы кансультацый з Божым народам у мясцовых Касцёлах, якая будзе праходзіць з кастрычніка 2021 г. па красавік 2022 г. Да яго быў далучаны метадалагічны вадэмэкум.

Дакумент пачынаецца з акрэслення некаторых важных рыс сучаснага кантэксту. Затым ён сінтэтычна прапануе асноўныя тэалагічныя спасылкі для належнага разумення і практыкавання сінадальнасці. Прапануюцца біблейскія ідэі, якія могуць стаць зыходным пунктам для разважанняў і малітвы на гэтым шляху. Прадстаўлены пэўныя перспектывы, з якіх можна пераглядзець досвед сінадальнасці, і акрэслены метады, якія могуць быць выкарыстаны для гэтага. У тэксце шмат спасылак на вучэнне Другога Ватыканскага Сабору, папы Францішка і на дакумент Сінадальнасць у жыцці і місіі Касцёла, падрыхтаваны Міжнароднай тэалагічнай камісіяй і апублікаваны ў 2018 г.

Раздзел IV пад назвай Сінадальнасць у дзеянні: шляхі кансультацый Божага народа, які змяшчае мноства практычных указанняў, магчыма, выклікае найбольшую цікавасць. Між іншым, тут можна прачытаць, што асноватворным пытаннем, якое будзе стаяць падчас кансультацый з Божым народам, з'яўляецца: "Сінадальны Касцёл, які абвяшчае Евангелле “ідучы разам": як гэта "хада разам" рэалізуецца сёння ў вашым канкрэтным Касцёле? Якія крокі прапануе зрабіць Дух Святы, каб мы маглі ўзрастаць у “супольнай хадзе?”. Адзначаецца, што сінадальнасць з'яўляецца "канстытутыўным вымярэннем Касцёла".

Падрыхтоўчы дакумент вызначае дзесяць асноўных момантаў, што выяўляюць розныя аспекты "жывой сінадальнасці", на якія варта звярнуць увагу ў мясцовых Касцёлах: cпадарожнікі, слуханне, выказванне, цэлебрацыя, суадказныя ў місіі, дыялог у Касцёле і грамадстве, з іншымі хрысціянскімі канфесіямі, улада і ўдзел, распазнанне і прыняцце рашэння, фармацыя да сінадальнасці.

XVI Звычайная асамблея Сінода Біскупаў будзе ўрачыста адкрыта ў Ватыкане 9-10 кастрычніка 2021 г. у прысутнасці Святога Айца. 17 кастрычніка распачнецца дыяцэзіяльны этап, які пройдзе на ўзроўні мясцовых Касцёлаў. З верасня 2022 г. па сакавік 2023 г. будзе адбывацца кантынентальны этап сінадальнага шляху, а ў кастрычніку 2023 г. – паўсюдны, які пройдзе ў Ватыкане згодна з правіламі, устаноўленымі Францішкам у нядаўняй Апостальскай канстытуцыі Episcopalis Communio.
 

07 верасня 2021, 12:42