Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар: такіх пакут у Афганістане можна было пазбегнуць

"Вывад сіл НАТА з Афганістана мог адбыцца больш упарадкавана", - лічыць кардынал П'етра Паралін. На яго думку, можна было пазбегнуць пакут, якія выпалі на долю мірнага насельніцтва краіны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сваім меркаваннем Дзяржаўны сакратар Яго Святасці падзяліўся падчас візіту ў італьянскі Монтэвэрджынэ. Ён узначаліў св. Імшу ў мясцовым марыйным санктуарыі. Кіраўнік дыпламатыі Святога Пасаду запэўніў, што сачыў за сітуацыяй у Афганістане, таксама з гуманітарнага пункту гледжання, пастаянна кантактаваў з людзьмі, якія працавалі на месцы.

“Нам удалося вярнуць дамоў святара і сясцёр Маці Тэрэзы з Калькуты, якія хацелі застацца з дзецьмі, што знаходзіліся пад іх апекай. Гэта быў вялікі жэст любові з іх боку, які дае надзею ў свеце, поўным насілля і нянавісці ”- падкрэсліў кардынал Паралін.

Дзяржсакратар таксама закрануў тэму вакцынацыі. Ён заклікаў усіх, хто яшчэ не прышчэплены ад каронавіруса, зрабіць гэта як мага хутчэй. Іерарх прывёў думку Францішка, які лічыць вакцынацыю актам любові і адказнасці перад сабой і іншымі людзьмі.

На пытанне аб стане здароўя Пантыфіка пасля аперацыі, праведзенай у ліпені, кардынал Паралін запэўніў, што Святы Айцец вельмі хутка вяртаецца да свайго ранейшага фізічнага стану.
 

10 верасня 2021, 13:20