Vatican News
2021.05.10 Congregazione per il Clero

Чылійскі іерарх стаў Сакратаром Кангрэгацыі духавенства

Святы Айцец прызначыў кс. Андрэса Габрыэля Фэрада Марэйру, дагэтуль чыноўніка Кангрэгацыі па справах духавенства, Сакратаром гэтай дыкастэрыі, узводзячы яго ў годнасць арцыбіскупа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Чыліец пачне выконваць новыя абавязкі 1 кастрычніка 2021 г. Ён зменіць на пасадзе 76-гадовага арцыбіскупа Жоэля Мішэля Мары Люка Мэрсье.

Фэрада Марэйра нарадзіўся 10 чэрвеня 1969 г. у Сант'яга-дэ-Чылі. Святарскае пасвячэнне прыняў 3 ліпеня 1999 г. як святар архідыяцэзіі Сант'яга-дэ-Чылі. У 2006 г. атрымаў ступень доктара тэалогіі ў Папскім грыгарыянскім універсітэце. Займаў розныя душпастырскія пасады ў сваёй архідыяцэзіі. З 2018 г. па сённяшні дзень працуе ў Кангрэгацыі па справах духавенства.

Нагадаем, што ў чэрвені 2021 г. Святы Айцец прызначыў карэйскага біскупа Лазаруса Ю Хын Сіка прэфектам ватыканскай дыкастэрыі, пад апекай якой знаходзяцца больш за 400 тыс. святароў ва ўсім свеце.
 

08 верасня 2021, 13:53