Кіраўніцтва Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця Кіраўніцтва Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця 

5-годдзе Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця

5 гадоў таму – 17 жніўня 2016 г. – быў абнародаваны Апостальскі ліст Францішка Sedula Mater, якім абвяшчалася аб стварэнні новай структуры Святога Пасаду – Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Касцёл, клапатлівая Маці, заўсёды, на працягу стагоддзяў, з вялікай увагай і павагай ставіцца да свецкіх вернікаў, сям’і і жыцця, выяўляючы любоў міласэрнага Збаўцы да чалавецтва”, - такімі словамі пачынаецца гістарычнае motu proprio Святога Айца.

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця пераняла абавязкі і функцыі, якія раней належалі да Папскай рады пра справах свецкіх і Папскай рады па справах сям’і. Яна афіцыйна пачала сваю дзейнасць 1 верасня 2016 г., з спыненнем існавання вышэйзгаданых Папскіх радаў.

Яшчэ раней, 4 чэрвеня 2016 г. Францішак зацвердзіў ad experimentum cтатут Дыкастэрыі, паводле якога, новая структура была падзелена на тры Секцыі: па справах свецкіх вернікаў, па справах сям’і і па справах жыцця. Яе кампетэнцыі сталі распаўсюджвацца на пытанні, звязаныя з дзейнасцю Апостальскай Сталіцы ў сферы садзейнічання жыццю і апостальства свецкіх вернікаў, душпастырства сям’і і яе місіі, абароны і падтрымкі чалавечага жыцця.

Дыкастэрыю ўзначаліў прэфект у асобе амерыканскага біскупа ірландскага паходжання Кэвін Джозэф Фарэл, які да гэтага быў пастырам Даласкай дыяцэзіі ў ЗША. Сакратаром структуры быў прызначаны бразільскі святар, а. Алешандрэ Аві Мэло, а падсакратарамі – дзве італьянскія свецкія верніцы: Лінда Гізоні і Габрыэла Гамбіна. Першая кіруе Секцыяй па справах жыцця, а другая – па справах свецкіх. Яны сталі першымі жанчынамі на такіх высокіх пасадах у ватыканскіх структурах.
 

17 жніўня 2021, 11:55