Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папская рада па культуры: Алімпіяда – гэта ўтопія братэрства

Алімпійскія гульні развіваюцца ў кірунку, які прапануе Папа ў Fratelli tutti. Усё часцей яны падкрэсліваюць важнасць салідарнасці і братэрства, - мяркуе адказны за спорт у Папскай радзе па культуры.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кс. Мэльхор Санчэс дэ Тока звярнуў увагу на нядаўняе пашырэнне алімпійскага дэвізу. Да слоў citius, altius, fortius – хутчэй, вышэй, мацней – было дададзена слова communiter. Ён адзначыў, што справа не толькі ў словах. Цяперашняе кіраўніцтва Міжнароднага алімпійскага камітэта вельмі імкнецца да канкрэтнай салідарнасці, што выяўляецца ў тым, што багатыя нацыянальныя камітэты пакрываюць частку выдаткаў алімпійскіх камітэтаў з бедных краін.

Прадстаўнік Святога Пасаду ў свеце спорту заўважыў, што, як і падчас папярэдніх Алімпійскіх гульняў, Папа і гэтым разам прывітаў алімпійцаў. Ён зрабіў гэта падчас малітвы Анёл Панскі ў мінулую нядзелю.

“Мяне ўразіла, што Францішак сказаў пра Алімпіяду як знак надзеі. На самой справе, гэта праўда, што ў разгар пандэміі Гульні абуджаюць у нас эмоцыі, якія можа даць толькі спорт. У гэтым сэнсе яны – сапраўды знак надзеі, магчымасць зірнуць і паглядзець на вялікія і этычна добрыя падзеі, якія арганізуе спорт. Алімпіяда – таксама знак братэрства. У адрозненне, напрыклад, ад чэмпіянатаў свету па некаторых дысцыплінах, Алімпіяду адрознівае братэрства, якое існуе ў алімпійскай вёсцы. Некалькі тыдняў там жывуць спартсмены, якія мараць аб свеце, у якім пануе мір. Там знаходзяцца ўсе спартсмены, таксама з тых краін, якія ваююць. Такім чынам, на працягу некалькіх тыдняў мы маем вобраз утопіі свету, які жыве ў братэрстве. У гэтым сэнсе Алімпіяда – знак братэрства. Вядома, гэта не ідэальнае братэрства, але сапраўднае", - падзяліўся сваімі думкамі адказны за спорт з боку Святога Пасаду.
 

29 ліпеня 2021, 12:42