Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: вэбінар аб выкарыстанні Amoria laetitia у душпастырстве

“Amoris laetitia – у якой кропцы знаходзімся? Стратэгіі для душпастырскага выкарыстання адгартацыі папы Францішка” – анлайн-форум на такую тэму пройдзе з 9 па 12 чэрвеня 2021 г.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падрыхтоўка да сужэнства, духоўнае ўзрастанне сужонкаў, суправаджэнне людзей у складаных сямейных сітуацыях, выхаванне дзяцей, місіянерства сем’яў – гэта некаторыя тэмы, якія будуць уздымацца на канферэнцыі. У ёй прымуць каля 350-ці адказных за душпастырства сем’яў на ўзроўні епіскапатаў, асацыяцый і міжнародных касцёльных рухаў. Дэлегаты прадставяць 70 біскупскіх Канферэнцый і 30 каталіцкіх аб’яднанняў.

Анлайн-форум арганізаваны ватыканскай Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця ў рамках 5-годдзя з дня публікацыі Апостальскай адгартацыі Францішка Amoris laetitia і адмысловага Года сям’і, які з гэтай нагоды праходзіць у Касцёле. Папа прывітае яго ўдзельнікаў з дапамогай відэапаслання.

Канферэнцыя адбудзецца ў сінадальным духу: дэлегаты на працягу чатырох дзён будуць выступаць з дакладамі, дыскутаваць, дзяліцца сведчаннямі, досведам і меркаваннямі адносна таго, як больш плённа суправаджаць заручаных, сужонкаў і сем’і ў перажыванні веры і штодзённых выклікаў.

Першую сесію вэбінара адкрыюць кардынал Кэвін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, і а. Алешандрэ Аві Мэло, сакратар гэтай ватыканскай структуры. Затым з дакладам на тэму “Катэхументат да сужэнства” выступіць Габрыэла Гамбіна, падсакаратар Дыкастэрыі.

Год Сям’я Amoris Laetitia распачаўся ў Каталіцкім Касцёле 19 сакавіка 2021 г., ва ўрачыстасць св. Юзафа. Яго завершыць 26 чэрвеня 2022 г. X Сусветная сустрэча сем’яў.

08 чэрвеня 2021, 10:53