Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: абавязковая змяняльнасць лідараў асацыяцый вернікаў

Святы Пасад увёў абмежаванні, якія тычацца працягласці і колькасці кіраўнічых тэрмінаў для лідараў міжнародных асацыяцый вернікаў, каб забяспечыць “здаровую змяняльнасць” і пазбегнуць злоўжыванняў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

11 чэрвеня 2021 г. Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця абнародавала Агульны дэкрэт, якім пастанаўляецца, што адзін і той жа чалавек можа знаходзіцца на пасадзе кіраўніка міжнароднай асацыяцый свецкіх вернікаў, як прыватнай, так і грамадскай, максімум 10 гадоў запар або два пяцігадовыя тэрміны. Пераабранне на пасаду магчыма толькі пасля пяцігадовага перапынку. У дакуменце гаворыцца таксама пра неабходнасць рэпрэзентатыўнасці членаў у працэсе выбараў міжнароднага кіраўнічага органу асацыяцыі.

Дэкрэт адпавядае закону і набудзе сілу праз тры месяцы. Ён быў ухвалены Святым Айцом і будзе абавязковым для выканання ва ўсіх асацыяцыях свецкіх вернікаў і іншых структурах, прызнаных ці заснаваных Дыкастэрыяй.

Мэта новаўвядзення заключаецца ў спрыянні “здаровай змяняльнасці” на кіраўнічых пасадах, каб улада ажыццяўлялася як сапраўднае служэнне, выражанае ў касцёльнай еднасці.

У тлумачальнай ноце Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, абнародаванай разам з Дэкрэтам, заўважаецца, што “нярэдка неабмежаванасць кіраўнічых тэрмінаў спрыяе прысвойванню харызмата, персаналізму, канцэнтрацыі паўнамоцтваў і розным выразам самарэферэнтнасці з боку тых, хто пакліканы да кіравання, што лёгка вядзе да цяжкіх парушэнняў годнасці і асабістай свабоды і нават да сапраўдных злоўжыванняў. Кепскае ажыццяўленне ўлады непазбежна стварае канфлікты і напружанасць, што раніць адзінства, аслабляючы місійны запал”.

Досвед паказаў, што змена пакаленняў у кіраўнічых органах аказваецца вельмі карыснай для жыццядайнасці асацыяцый; яна з’яўляецца нагодай для росту крэатыўнасці і імпульсам для інвеставання ў фармацыю; ажыўляе вернасць харызмату; дае дыханне і эфектыўнасць адчытванню знакаў часу; заахвочвае да новых і актуальных форм місійнай дзейнасці.

У той жа час, Дыкастэрыя, “усведамляючы ключавую ролю, якую выконваюць заснавальнікі” асацыяцый, захоўвае за сабой права вызваліць іх ад абмежаванняў, якія тычацца колькасці тэрмінаў знаходжання на кіраўнічай пасадзе, але толькі калі палічыць гэта мэтазгодным для развіцця і стабільнасці асацыяцыі ці ўстановы, і калі гэта будзе адпавядаць выразнай волі цэнтральнага кіраўнічага органа.

У артыкуле, апублікаваным на старонках L’Osservatore Romano, кс. Ульрых Родэ, дэкан факультэта кананічнага права Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта і кансультант Дыкастэрыі, удакладніў, што акрамя больш чым 109-ці ўстаноў, прызнаных і заснаваных Дыкастэрыяй, дэкрэт тычыцца таксама іншых асацыяцый, дзейнасць якіх знаходзіцца ў яе кампетэнцыі: Неакатэхуменальнага шляху, Міжнароднага органа служэння сістэме парафіяльных евангелізацыйных ячэек, Міжнароднага органа Cursillos de Cristiandad, Міжнароднага каталіцкага харызматычнага служэння (CHARIS).

Кс. Родэ заўважыў, што многія асацыяцыі павінны будуць правесці генеральныя асамблеі, каб унесці адпаведныя змены ў свае статуты, а потым прадставіць іх для зацвярджэння ў ватыканскую Дыкастэрыю. Ён адзначыў таксама, што дыяцэзіяльныя і нацыянальныя асацыяцыі, якіх не тычыцца новы дэкрэт, могуць узяць яго пад увагу ў выпадку перагляду норм, якія кіруюць іх дзейнасцю.
 

11 чэрвеня 2021, 12:48