Пошук

webradio-on-line-bielorusso.png

Беларуская версія Ватыканскага інтэрнэт-радыё ўжо ў эфіры

1 чэрвеня 2021 г. пачала дзейнічаць беларуская версія Ватыканскага інтэрнэт-радыё. Гэты год для папскай радыёстанцыі – юбілейны, яна адзначае сваё 90-годдзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Анлайн-трансляцыя даступная як на сайце Vatican News, так і ў аплеце Radio Vaticana для смартфонаў на IOS і Android. Апрача навін і рубрык Беларускай рэдакцыі, у праграме штодзённа будзе Імша, Літургія гадзін (Ютрань, Нешпары, Камплета) і Ружанец на лацінскай мове, шмат класічнай музыкі.

“Радыё – сродак, які з цягам часу здолеў змяніцца, не страціўшы пры гэтым сваёй каштоўнасці і прывабнасці”, - заўважыў Паола Руфіні, прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па камунікацыі. Паводле яго, радыё валодае “цудоўнай якасцю размаўляць з сэрцам”.

“З’яўленне беларускай версіі Ватыканскага інтэрнэт-радыё – гэта яшчэ адна магчымасць камунікацыі з нашай аўдыторыяй. Шмат людзей сочыць за навінамі з Ватыкана па-беларуску на нашай старонцы Vatican News, шмат хто слухае аўдыё-версію беларускай праграмы штодзённа на хвалях Радыё Марыя і Радыё Рацыя, у інтэрнэце, на кароткіх хвалях і праз спадарожнік. Зроблены наступны крок. Спадзяюся, што наша інтэрнэт-радыё стане ў беларускай рэлігійнай медыя-прасторы адметным дзякуючы штодзённай трансляцыі лацінскай літургіі, суботняму выпуску навін на гэтай старажытнай мове, вялікай колькасці класічнай музыкі”, - адзначыў кс. Аляксандр Амяльчэня, кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё і Vatican News.
 

01 чэрвеня 2021, 11:51