Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыкане пройдзе вэбінар аб уплыве новых медыя на чалавека

Стымуляваць дыскусію аб важнасці этычных каштоўнасцей у сферы новых СМІ – адна з галоўных мэтаў анлайн-канферэнцыі, якая будзе праходзіць у Ватыкане з 11 па 12 мая 2021 г.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Форум пад назвай Changing media in a Changing world (Змена СМІ ў свеце, які змяняецца) адбудзецца па ініцыятыве Папскай акадэміі сацыяльных навук. У ім прымуць удзел сацыёлагі, філосафы, эканамісты, эксперты ў сферы камунікацыі і новых СМІ з розных краін свету.

Выкарыстоўваючы міждысцыплінарны падыход яны прааналізуюць выклікі для чалавека і грамадства, прадстаўленыя новымі лічбавымі камунікацыйнымі платформамі, якія “могуць уплываць на выбар дабра і зла, справядлівасці і несправядлівасці, праўды і падману”.

У паведамленні Папскай акадэміі сацыяльных навук адзначаецца, што новыя СМІ даюць “магчымасць пашыраць інфармацыю і заахвочваць да карыснай дзейнасці, яны дазваляюць грамадзянам кантраляваць улады, каб дзейнічалі на карысць агульнага дабра, але могуць таксама выкарыстоўвацца для распаўсюджвання шкоднага кантэнту і прапаганды”.

У гэтым кантэксце важнай патрэбай з’яўляецца “ўстанаўленне адпаведных этычных норм”, якія павінны грунтавацца на аб’ектыўных каштоўнасцях агульнага дабра, цэласнага развіцця чалавека, захавання планеты і міру.

Анлайн-форум распачнецца дакладам сацыёлага П’ерпаола Данаці з Балонскага ўніверсітэта і лаўрэата Нобелеўскай прэміі па эканоміцы Джозефа Стыгліца, якія прааналізуюць пераход ад традыцыйных СМІ да лічбавых платформ. Затым гаворка будзе ісці пра ўплыў новых медыя на мадэлі паводзінаў і атрымання ведаў, а таксама пра будучыню мастацтва, правоў чалавека і дэмакратыі ў лічбавую эпоху.
 

11 мая 2021, 12:10