Пошук

Кардынал Бэньяміна Стэла ў сядзібе Кангрэгацыі духавенства Кардынал Бэньяміна Стэла ў сядзібе Кангрэгацыі духавенства 

Кардынал-прэфект: нам патрэбны міласэрныя і гуманныя святары

Духоўная і чалавечая фармацыя – гэта тое, ад чаго нельга адмовіцца нават пасля святарскага пасвячэння, - падкрэсліў кардынал Бэньяміна Стэла, кіраўнік ватыканскай Кангрэгацыі па справах духавенства.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв'ю Vatican News ён нагадаў, што семінарыя – гэта першая “майстэрня” для фарміравання інтэлекту і, перш за ўсё, сэрца. Чым даўжэй чалавек застаецца святаром, тым больш яму неабходна абнаўленне душпастырскай прыхільнасці.

"Застаючыся побач з Хрыстом і жывучы міласэрнасцю кожны дзень, можна напісаць сапраўды цудоўныя раздзелы святарскага жыцця", - падкрэсліў кардынал Стэла.

Іерарх таксама адзначыў, што клопат пра фармацыю азначае ў тым ліку і смеласць у прызнанні святарскіх памылак. Менавіта гэтым займаецца, між іншым, дысцыплінарны аддзел Кангрэгацыі па справах духавенства. Аддзел семінарый, у сваю чаргу, клапоціцца пра належны ўзровень першапачатковай фармацыі, працуючы разам з асобнымі епіскапатамі па ўсім свеце. Гэта рэалізуецца і дзякуючы апостальскім візітацыям у некаторыя краіны, а таксама цыклічным візітам біскупаў ad limina ў Ватыкан.

Прэфект паўтарыў, што ў выхаванні семінарыста і святара гаворка ідзе не толькі пра інтэлектуальную, але і пра чалавечую і душпастырскую фармацыю: унутраную раўнавагу, здольнасць наладжваць адносіны і прымаць рашэнні, разважлівасць, магчымасць інтэгравацца ў жыццё супольнасці.

На яго думку, сёння ад святароў патрабуюцца вялікія намаганні, і не толькі звязаныя з абавязкамі, колькасць якіх пастаянна расце, але таксама адказнасцю супрацьстаяць бурам сучаснага свету, звязаным з феноменамі, што не сустракаліся раней.
 

12 мая 2021, 12:03