Пошук

Папа падчас сустрэчы з членамі каманды Athletica Vaticana Папа падчас сустрэчы з членамі каманды Athletica Vaticana 

Папа прыняў ватыканскіх атлетаў перад важнымі спаборніцтвамі

Папа сустрэўся з дэлегацыяй каманды Athletica Vaticana, члены якой упершыню прымуць удзел у Чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы сярод малых краін. Ён пройдзе 4-6 чэрвеня 2021 г. у Сан-Марына.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак адзначыў важнасць таго, што ў Ватыкана ёсць свая спартыўная каманда, бо “Касцёлу вельмі дорага ўсё чалавечае і ўсё, што тычыцца чалавека”. Ён звярнуў увагу на прыгажосць спорту, на важнасць каманднага духа і захавання аматарскага вымярэння спартыўнай дзейнасці.

Святы Айцец уручыў кожнаму лёгкаатлету па асобніку кнігі “Спорт паводле папы Францішка” (Lo sport secondo Papa Francesco), падрыхтаванай італьянскім выданнем Gazzetta dello Sport. Гэта кніга, перакладзеная на розныя мовы свету, між іншым, будзе раздадзена ўдзельнікам Алімпійскіх гульняў у Токіа.

Падчас аўдыенцыі Францішак пакінуў аўтограф на эстафетнай палачцы з дэвізам ватыканскай зборнай Simul Currebant (лац. Пабеглі разам), які адсылае да слоў з Евангелля св. Яна (20,4) пра тое, што Пётр і Ян “пабеглі абодва разам” да магілы Хрыста ў дзень Уваскрасення. Athletica Vaticana уручыць гэту эстафетную палачку прадстаўнікам малых краін Еўропы падчас цырымоніі адкрыцця чэмпіянату.

Спартсменаў на аўдыенцыі суправаджаў кардынал Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры. Ён заўважыў, што ўдзел ватыканскай каманды ў міжнародных спаборніцтвах мае вялікае значэнне. Іерарх нагадаў, што спорт павінен спрыяць сустрэчы і ўзаемнаму знаёмству, адмаўленню ад прадузятасці і варожасці, дыялогу паміж рознымі культурамі і рэлігіямі, будаванню сяброўства паміж людзьмі і народамі, каб маглі “бегчы разам” да супольнай мэты, якой з’яўляецца мір.
 

31 мая 2021, 11:25